Мішэль Плаціні лічыць, што 22 гульцы на футбольным полі — зашмат

Некалі славуты французскі футбаліст, пасля прэзідэнт УЕФА, а цяпер дарадца прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі асацыяцый прафесійных футбалістаў Мішэль Плаціні прапанаваў унесці ў футбольныя правілы незвычайную змену. 

21.09.2024 / 21:31

Мішэль Плаціні. Фота: liewig christian/Corbis via Getty Images

У інтэрв'ю французскаму выданню RMC Sport Плаціні прапанаваў зменшыць колькасць гульцоў у кожнай камандзе да дзесяці замест традыцыйных адзінаццаці.

Матывуе ён сваю прапанову тым, што ў мінулым стагоддзі, калі каманды гулялі па 11 чалавек, гульцы, маўляў, былі менш вынослівымі і бегалі павольней. А паколькі цяпер іншы ўзровень фізічнай падрыхтоўкі, а адпаведна і хуткасці, то Плаціні лічыць, што змяншэнне колькасці гульцоў дало б больш прасторы на полі і палепшыла дынаміку гульні.

«Можа быць, нам варта прыбраць па адным гульцы з кожнай каманды і гуляць 10 на 10. Склад футбольнай каманды ўключае 11 гульцоў з 1900 года, але тады гульцы менш бегалі, былі не такія моцныя і не такія хуткія.

Можа быць, скарачэнне колькасці гульцоў вызваліць прастору. Так ці інакш, людзі майго пакалення не глядзяць футбол так часта. Яны не бачаць сябе ў сённяшняй гульні. Цяпер больш перадач, больш пазіцыйных пасаў. Людзі майго пакалення прызвычаіліся да атакуючага футбола. Сучасны футбол ужо не такі прывабны», — лічыць цяпер 69-гадовы колішні трохразовы ўладальнік «Залатога мяча».

Агіднейшы за Гітлера. Апублікаваны рэйтынг самых нялюбых персон у гісторыі футбола

Міністр спорту Кавальчук забараніў гуляць у футбол экс-абаронцу зборнай Беларусі

Памёр найлепшы бамбардзір чэмпіяната свету па футболе 1990 года

Nashaniva.com