Расія не будзе ўдзельнічаць у саміце міру па Украіне — МЗС РФ
Афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава заявіла, што расійскія ўлады не будуць удзельнічаць у саміце міру, які да канца 2024 года плануе арганізаваць Украіна.
22.09.2024 / 12:39
Першы саміт міру прайшоў у Швейцарыі 15-16 чэрвеня. Фота: AP Photo / Laurent Cipriani
Паводле яе слоў, саміт міру не мае нічога агульнага з урэгуляваннем расійска-ўкраінскага канфлікту. Яна назвала яго «чарговай праявай махлярства англасаксаў і іх украінскіх марыянетак».
«Так званы другі саміт мае ўсё тую ж мэту — працягнуць абсалютна нежыццяздольную «формулу Зялёнскага» ў якасці безальтэрнатыўнай асновы рашэння канфлікту, дамагчыся яе падтрымкі з боку сусветнай большасці і ад яе імя прад'явіць Расіі ўльтыматум аб капітуляцыі. Мы ў такіх «самітах» удзельнічаць не будзем», — заявіла прадстаўнік МЗС Расіі.
Захарава дадала, што расійскія ўлады «не адмаўляюцца ад палітыка-дыпламатычнага ўрэгулявання крызісу» і гатовы да абмеркавання «сапраўды сур'ёзных прапаноў, якія ўлічваюць сітуацыю «на зямлі».
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 14 чэрвеня назваў умовы для мірных перагавораў. Згодна з ім, Украіна павінна заявіць аб поўным вывадзе войскаў з тэрыторыі Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запарожскай абласцей і пачаць рэальны вывад войскаў, а таксама афіцыйна заявіць аб адмове ад планаў па ўступленні ў НАТА. Імаверна, гэта Захарава называе прапановамі, якія ўлічваюць сітуацыю «на зямлі».
20 верасня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Кіеў актыўна працуе над планам перамогі і падрыхтаваў тры пункты для размовы з Расіяй. Паводле яго слоў, саюзнікі Украіны згодны з тым, што на другі саміт міру неабходна паклікаць прадстаўнікоў расійскага боку. «І, як мы сказалі, у пачатку лістапада ўвесь план будзе гатовы. Гэта будзе старт і падмурак для таго, каб размаўляць у любым фармаце з Расіяй. У любым фармаце, з любымі яе прадстаўнікамі, таму што будзе план і будзе што паказаць», — сказаў Зяленскі.
Падрабязнасці гэтых планаў украінскага боку невядомыя.
Зяленскі заклікаў завяршыць вайну да зімы
«Ніхто яшчэ не перамагаў Расію». Што ж, давайце ўспомнім гісторыю
Рэкордная колькасць расіян выказалася за завяршэнне вайны без дасягнення мэтаў Пуціна