На МКАД з'явілася эксперыментальная разметка. Што яна значыць
На Мінскай кальцавой аўтадарозе з'явілася эксперыментальная разметка, якая дапаможа вадзіцелям ацэньваць дыстанцыю да аўтамабіля, што рухаецца наперадзе.
22.09.2024 / 15:17
У раёне праспекта Незалежнасці ў трэцяй паласе руху ўнутранага і знешняга кальца вядуцца работы па нанясенні стрэлак, каб дапамагчы кіроўцам лепш арыентавацца ў дарожнай абстаноўцы. Разам з разметкай будуць устаноўлены і адпаведныя інфармацыйныя шчыты, паведамляе ДАІ.
У прыватнасці, дзве стралы да машыны, што ідзе наперадзе, падкажуць, што дыстанцыя бяспечная.
Адлегласць паміж стрэлкамі разлічана з улікам бяспечнай дыстанцыі пры дазволенай хуткасці руху, якая дапаможа ў выпадку ўзнікнення няштатных сітуацый і экстраннага тармажэння пазбегнуць сутыкнення.
Эксперымент будзе доўжыцца некалькі месяцаў. Калі эксперыментальная разметка пакажа сваю эфектыўнасць, то яна будзе наносіцца і на іншых участках.