Ярмошына: Я б Ціханоўскую нават спецыялістам у ЦВК не ўзяла
Экс-старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына падчас прапагандысцкага мерапрыемства ў ГЦ «Сталіца», дзе расказвалі пра выбары, згадала Святлану Ціханоўскую, заўважыў «Позірк».
22.09.2024 / 17:30
Ярмошына выступае ў ГЦ «Сталіца». Фота: sb.by
Не згадваючы Ціханоўскую па імені, Ярмошына выказалася: «Я магу адразу ж сказаць і перасцерагчы: не трэба ісці за лжывымі героямі, за тымі… Вось разумееце, тут прыводзілі прыклад кандыдаткі ў прэзідэнты 2020 года. Слухайце, я бачыла людзей, якія рыдалі, слёзы гублялі наконт хатняй гаспадыні, прымітыўнай жанчыны, якая, ну, з’яўляецца зусім непадрыхтаванай».
«Я б яе нават у Цэнтральную камісію на ўзроўні спецыяліста не ўзяла, таму што гэта чалавек абсалютна не гатовы», — сказала Ярмошына.
«Калі яна выступала па тэлебачанні, мы потым у Цэнтральнай камісіі смяяліся. І няўжо на гэта клявалі? Бо яе прамова — гэта было сучаснае пераказванне кніжкі дзіцячай Носава, якая называецца «Нязнайка ў Сонечным горадзе». Вось гэтакі Сонечны горад яна малявала выбаршчыкам, і на гэта купляліся», — дадала экс-кіраўніца ЦВК.