Трамп заявіў, што калі прайграе, не будзе балатавацца ў 2028 годзе

«Не. Я думаю, на гэтым будзе ўсё», — сказаў ён.

23.09.2024 / 07:08

Фота: Evan Vucci / AP

Экс-прэзідэнт і кандыдат у прэзідэнты ЗША Дональд Трамп сказаў у нядзелю, што ў выпадку паразы на лістападаўскіх выбарах больш не будзе балатавацца ў прэзідэнты, піша Бі-бі-сі.

Вядучая тэлепраграмы Full Measure на Sinclair Broadcast Group TV спытала яго ў інтэрв'ю, ці збіраецца ён у 2028 годзе распачаць новую спробу вярнуцца ў прэзідэнты, калі ў лістападзе прайграе Камале Харыс.

«Не. Я думаю, на гэтым будзе ўсё. Я зусім не бачу [сябе зноў кандыдатам]», — сказаў 78-гадовы Трамп, але дадаў: «Спадзяюся, мы выступім вельмі паспяхова».

У ЗША па законе чалавек не можа займаць пасаду прэзідэнта больш за два тэрміны, так што і ў выпадку перамогі Трамп таксама не зможа зноў балатавацца ў 2028 годзе.

Раней Трамп вельмі рэдка казаў пра магчымасць паразы на выбарах — ён амаль заўсёды ў прамовах перад сваімі прыхільнікамі і ў допісах у сацсетках упэўнена заяўляў аб будучай перамозе.

Але за апошнія чатыры дні ён ужо двойчы дапусціў магчымасць таго, што прайграе.

Nashaniva.com