У Расіі барда-«антыфашыста», які выступаў у «ДНР», судзілі за адмаўленне Халакосту

У судзе мужчына сцвярджаў, што ён патрыёт і данаціў на армію, таму пакаранне змякчылі.

23.09.2024 / 10:21

Андрэй Лабанаў. Фота з сацсетак

У Расіі за адмаўленне Халакосту судзілі барда Андрэя Лабанава.

56-гадовы паэт — песеннік і праграміст па прафесіі-пастаянны ўдзельнік Грушынскага фестывалю, які лічыцца найбуйнейшым фестывалем бардаўскай песні ў Расіі, піша «Отсторожно, новості».

У сваіх сацсетках Лабанаў сістэматычна посціў артыкулы з адмаўленнем Халакосту. У гэтых тэкстах сцвярджалася, што «масавы генацыд быў прыдуманы габрэямі дзеля рэпарацый і «мегагешэфту», гэта «найвялікшы розыгрыш», «брахня» і «хлуслівы міф».

Старонка Лабанава трапілася на вочы сілавікам, і на яго завялі крымінальную справу за рэабілітацыю нацызму. На судзе бард назваў сябе антыфашыстам, сцвярджаў, што піша патрыятычныя вершы і песні, дае канцэрты, а аднойчы нават выступаў у акупаваным расійцамі Дэбальцава Данецкай вобласці.

У выніку, Лабанаву год ўмоўна. Змякчальнай акалічнасцю палічылі яго ахвяраванні ў фонд «Народны фронт», які дапамагае ўдзельнікам вайны супраць Украіны.

Nashaniva.com