У Вільні прэзентуюць «Прыгоды Дзядзі Віці на Валадарцы»

27 верасня (пятніца) а 19:00 у Вільні пройдзе прэзентацыя кнігі «Прыгоды Дзядзі Віці на Валадарцы» журналіста, былога палітвязня Алега Груздзіловіча, піша bellit.info.

23.09.2024 / 13:43

Аўтар «Прыгодаў» Алег Груздзіловіч і аўтарка прадмовы Вольга Вялічка з радасцю адкажуць на ўсе пытанні. А ў продажы будзе шмат кніг беларускіх выдавецтваў.

Алег Груздзіловіч адбываў пакаранне ў мінскім СІЗА на вуліцы Валадарскага і ў калоніі пад Магілёвам, напісаў і выдаў кнігу «Мае турэмныя муры».

Вершы і малюнкі пра арыштанта «дзядзю Віцю», што ўвайшлі ў гэтую кнігу, журналіст напісаў і намаляваў на Валадарцы для ўнукаў Евы, Сафіі, Кастуся, Аляўціны ды Анатоля, але адтуль частка лістоў не дайшла на волю праз цэнзуру. Пашанцавала з аказіяй перадаць «Прыгоды дзядзі Віці» з магілёўскага СІЗА. Пазней у калоніі ўсе лісты і рукапісы аўтара былі зьнішчаныя. Кнігу выдаў фонд «Камунікат».

Прэзентацыя кнігі адбудзецца 27 верасня ў 19:00 па адрасе: Вільня, Гасцёўня Беларускай Рады культуры (šv. Ignoto 5-104).

Nashaniva.com