«Хочуць прымусіць людзей працаваць за капейкі». Дальнабойшчыкі — пра намеры пазбавіць іх бясплатных медыцынскіх паслуг

Улады працягваюць змагацца з так званымі «дармаедамі», да якіх у тым ліку прыпісваюць беларусаў, якія працуюць за мяжой. З апошняга — абмяркоўваецца, ці не пазбавіць іх магчымасці бясплатна атрымліваць медыцынскія паслугі апроч экстраннай дапамогі. Дальнабойшчыкамі за мяжой абуралася і Наталля Качанава. Спыталі ў дальнабойшчыкаў, якія працуюць у ЕС, што яны думаюць на гэты конт. 

24.09.2024 / 18:20

Ілюстрацыйны здымак. Фота: АР

«Яшчэ не сустракаў тых, хто падтрымлівае такую прапанову»

Адзін з кіроўцаў-дальнабойшчыкаў, які працуе ў польскай фірме, не сумняецца: раз гэтыя планы пачалі абмяркоўваць, то абавязкова прымуць.

«Мы такое ўжо праходзілі з камуналкай, калі такім, як мы, павысілі тарыфы, бо мы нібыта не фінансуем бюджэт. Але ж гэта глупствы! Амаль усё, што я зарабляю, я трачу менавіта ў Беларусі. Мы прывозім валюту ў краіну, нічога ад дзяржавы не просім», — кажа суразмоўца.

Падобныя захады з боку дзяржавы мужчыну не здзіўляюць, але крыўдзяць.

«Выглядае, быццам у дальнабойшчыках, якія працуюць у Еўропе, улады разглядзелі нейкую дойную карову. Павышаную камуналку ўвялі, цяпер за візіт да лекара хочуць браць грошы.

Здаецца, гэта дробязі, але вельмі непрыемныя. Нават калі да таго лекара гадамі не хадзіў — усё адно нейкі асадачак застаецца, што дзяржава вечна хоча з цябе нешта займець», — скардзіцца мужчына.

З яго слоў, на паркоўках беларускія кіроўцы толькі і абмяркоўваюць гэтую навіну і тых, хто падтрымлівае такую ініцыятыву, ён яшчэ не сустракаў.

«Улады не разумеюць, чаму людзі масава ў Еўропу на фуру ідуць»

Іншы кіроўца, які працуе ў літоўскай фірме, лічыць, што такім чынам улады ў першую чаргу намагаюцца схіліць беларусаў да таго, каб яны працавалі ўнутры Беларусі.

«У краіне недахоп кіроўцаў, ездзіць асабліва няма каму, бо многія, набраўшыся мінімальнага досведу, едуць працаваць у Еўропу, бо там заробкі нашмат большыя. У Беларусі ніхто 1,5-2 тысячы еўра вадзіцелю і блізка не заплаціць, таму ўлады і хочуць прымусіць людзей працаваць за капейкі», — мяркуе мужчына.

Пры гэтым мужчына сумняецца, што такімі захадамі можна некага ўтрымаць.

«Улады, відаць, не разумеюць, чаму людзі масава ў Еўропу на фуру ідуць. Гэта ж усё не ад добрага жыцця. Калі б зарплаты ў Беларусі былі хаця б на працэнтаў 80 такія, як там, то ніхто не ехаў бы ў тую Еўропу. 

Натуральна, што лепей працаваць дома, а не месяцамі жыць у фуры і суткамі стаяць у чарзе на мяжы, каб дабрацца на працу і з працы. Але калі там ты можаш зарабіць за месяц 2000 еўра, а тут 2000 рублёў, то выбар відавочны», — кажа дальнабойшчык.

Суразмоўца не выключае, што такім чынам улады могуць атрымаць толькі адваротны эфект.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Некаторыя дальнабойшчыкі, асабліва калі ім яшчэ няма сарака, перасяляюцца ў Польшчу або Літву. Перавозяць сем'і і наладжваюць жыццё ўжо ў гэтых краінах. Магчыма, падобныя захады з боку Беларусі падштурхнуць і іншых да пераезду».

«У мяне зарплата 65 еўра ў суткі, дзе я такія грошы буду атрымліваць у Беларусі?»

Кіроўца буса з катэгорыі «С», які працуе ў Польшчы, кажа, што вельмі расчараваны тым, што ў Беларусі хочуць зрабіць платнай медыцыну для «дармаедаў». 

«Мне ўжо пад 60, таму звяртацца да лекараў час ад часу даводзіцца. Калі планавыя візіты зробяць платнымі, то гэта можа моцна ўдарыць па бюджэце», — лічыць мужчына.

Пры гэтым суразмоўца прынамсі пакуль не разглядае варыянту працаўладкавання ў Беларусі.

«У маім узросце асабліва браць на працу ўжо не хочуць, да і зарплаты ў Беларусі на бусах смешныя, а ісці на фуру не хочацца. У мяне зарплата 65 еўра ў суткі, дзе я такія грошы буду атрымліваць у Беларусі?

Таму, пакуль здароўе будзе дазваляць, буду працаваць у Польшчы».

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Колькі чалавек могуць закрануць прапанаваныя новаўвядзенні

Згодна з апошнімі данымі, толькі ў Літве працуе каля 24 тысяч дальнабойшчыкаў з беларускім грамадзянствам. Большасць з іх пасля кадэнцыі вяртаецца ў Беларусь.

У Польшчы па стане на канец 2023 года было каля 56 тысяч дальнабойшчыкаў з Беларусі, без уліку кіроўцаў, якія працуюць на бусах катэгорыі «B».

І гэта толькі лічбы па дзвюх краінах ЕС. Апроч Польшчы і Літвы, хоць і не так масава, беларусы працуюць у латвійскіх, венгерскіх і нямецкіх кампаніях. Таму атрымліваецца, што новаўвядзенні могуць закрануць каля 100 тысяч чалавек.

Нагадаем, што з вясны 2022 года «дармаедамі» лічаць тых, хто выехаў за мяжу на тэрмін большы за 30 дзён. Выключэнне — выезд у краіны ЕАЭС, калі чалавек працуе там па кантракце або працоўнай дамове. Праца або навучанне ў трэціх краінах не ёсць падставай для таго, каб у такія спісы не трапіць.

Nashaniva.com