Мінчанка паклала на свой рахунак чужыя 120 рублёў, а штраф аказаўся ў 10 разоў большым

Віну яна цалкам прызнала, у зробленым раскаялася.

23.09.2024 / 15:47

27-гадовая беларуска знаходзілася непадалёк ад інфакіёска на вуліцы Кіжаватава ў Мінску. Прычым была ў нецвярозым стане.

Да дзяўчыны падышоў мужчына і спытаў, ці не яна забылася завяршыць аперацыю: хтосьці хацеў пакласці на рахунак 120 рублёў, але сышоў. Жанчына перавяла гэтыя грошы на баланс свайго мабільнага, паведамляюць Мінск-навіны.

У дачыненні да мінчанкі распачалі крымінальную справу. Віну яна цалкам прызнала, у зробленым раскаялася.

Тым часам суд прызнаў яе вінаватай у крадзяжы маёмасці шляхам мадыфікацыі камп'ютарнай інфармацыі і на падставе часткі 1 артыкула 212 КК РБ прызначыў штраф 30 базавых адзінак (1200 рублёў).

Nashaniva.com