Стала вядомае імя мужчыны, затрыманага ў Магілёве за нібыта напад на губазікаўцаў

Гэта 62-гадовы жыхар Магілёва Аляксандр Кандрычын.

23.09.2024 / 17:52

Аляксандр Кандрычын. Фота з ягонай старонкі Укантакце (архіўная копія)

МУС паказала відэа з затрыманым мужчынам, які, па версіі сілавікоў, парэзаў дваіх губазікаўцаў. Гэта 62-гадовы жыхар Магілёва Аляксандр Кандрычын.

Інцыдэнт адбыўся раніцай 23 верасня. Да Кандрычына ў цэнтры Магілёва падышлі супрацоўнікі ГУБАЗіКа ў цывільным адзенні. Па версіі міліцыі — «для прафілактычнай размовы», хоць па заканадаўстве пасярод вуліцы не можа адбывацца падобных юрыдычных дзеянняў.

Па словах Кандрычына, яму паказалі «нейкую картку». Што адбывалася пазней, не да канца зразумела.

Па версіі міліцыі, Кандрычын дастаў нож і стаў адбівацца. Сцвярджаецца, што былі параненыя два губазікаўцы, адзін з іх знаходзіцца ў рэанімацыі.

У кішэні мужчыны знайшлі самаробны пісталет, але незразумела, ці ён быў зараджаны. Кандрычын на відэа кажа, што не памятае гэта.

У міліцэйскім роліку паказалі кадры з ператрусу з дома магілёўца. Відаць розныя нажы, частка з якіх кухонныя, а таксама кнігі — адна пра манеты, другая пра выбуховыя рэчывы. Апроч таго, узгадваецца, што ў мужчыны былі кнігі па псіхалогіі і «экстрэмісцкая літаратура» — магчыма, гаворка пра перадвыбарчы плакат Святланы Ціханоўскай.

«Так атрымалася», — кажа пра інцыдэнт Кандрычын.

Сілавікі завялі крымінальную справу за замах на забойства. 

Nashaniva.com