Расійская армія пачала штурм Вуглядара

Расійскія вайскоўцы распачалі спробу зайсці на тэрыторыю шматпавярховай забудовы Вуглядара Данецкай вобласці, вынікае з паведамленняў расійскіх і ўкраінскіх тэлеграм-каналаў, піша «Агенство». Пад пагрозай акружэння ў горадзе апынулася ўкраінская брыгада колькасцю каля 2 тысяч чалавек.

24.09.2024 / 10:51

 

Карта: Deep State

Пра тое, што расійскія вайскоўцы прыступілі да штурму Вуглядара, прарасійскія ваенныя блогеры паведамілі ўвечары ў аўторак.

Ваенны блогер Барыс Рожын (Colonelcassad) напісаў, што фармальна расійскія вайскоўцы знаходзяцца ў межах Вуглядара ўжо два дні, з таго часу, як яны занялі прыгарад, які фармальна з'яўляецца часткай горада.

Расійскі ваенкар Юрый Кацянок напісаў, што ўжо да пачатку аўторка расійскім вайскоўцам удалося замацавацца ва ўсходняй частцы Вуглядара. Пры гэтым тэлеграм-канал «Два маёры» піша толькі аб «перадавых падраздзяленнях» у межах горада.

WarGonzo напісаў, што расійскія вайскоўцы «працягваюць паляпшаць свае пазіцыі вакол горада, заганяючы ўкраінскі гарнізон у акружэнне».

Пра тое, што расійскія вайскоўцы спрабуюць акружыць УСУ ў Вуглядары, напісаў і блізкі да Мінабароны тэлеграм-канал «Рыбар».

Дзве тысячы вайскоўцаў 72-й механізаванай брыгады УСУ рызыкуюць апынуцца ў атачэнні, пацвердзіў Forbes.

Баец украінскага батальёна «Айдар» Стас Бунятаў у сваім тэлеграм-канале пацвердзіў, што расійскія вайскоўцы «пратачыліся на ўскраіны Вуглядара».

Украінскі блогер Сяргей Стэрненка паведаміў, што сітуацыя ў горадзе крытычная. Ён выказаў здагадку, што ў найбліжэйшыя дні Расія захопіць горад.

Украінскі OSINT-праект DeepState уночы на панядзелак паведаміў, што расійская армія падышла ўшчыльную да горада, а невялікая частка Вуглядара, якая знаходзіцца на ўсходзе, апынулася ў шэрай зоне. Тады ж праект адзначыў на карце, што расійскія вайскоўцы ўзялі пад кантроль «вуглядарскія лецішчы».

Генштаб УСУ раніцай у аўторак паведаміў пра восем спроб расійскіх вайскоўцаў захапіць пазіцыі Украіны «недалёка ад Паўлаўкі і Вуглядара». 

Напярэдадні Financial Times паведаміла, што Расія змяніла тактыку ў Данецкай вобласці. Расійскае войска замарудзіла сваё прасоўванне да Пакроўска і спрабуе абысці ўкраінскія пазіцыі з поўдня — у раёне Вуглядара і Курахава, піша газета.

Баі за гэты горад ідуць з лютага 2022 года, у ім разбураныя амаль усе будынкі. Да вайны ў горадзе жылі каля 15 тысяч чалавек. 

Чакаецца, што расійскае войска можа ўзяць Вуглядар ужо ў бліжэйшыя тыдні, казаў FT намеснік камандзіра 72-й украінскай механізаванай брыгады.

Nashaniva.com