Харыс і Трамп ідуць нос у нос, вынік выбараў цяжка прадказаць, а яны вызначальныя для нашага рэгіёна
З улікам таго, што вакол Трампа гуртуюцца сілы, якія выступаюць за ўміратварэнне Расіі коштам Украіны, ад выніку гэтых выбараў залежыць развіццё сітуацыі ва Усходняй Еўропе.
24.09.2024 / 11:59
Раскладка галасоў згодна з апошнімі сацыялагічнымі апытаннямі. Інфаграфіка: realclearpolling.com
Камала Харыс абганяе Трампа ў агульнанацыянальных апытаннях, але іх вынік вырашыцца ў swing states — некалькіх штатах, якія галасуюць то за рэспубліканцаў, то за дэмакратаў.
Гэтым разам да такіх адносяць Пенсільванію, Джорджыю, Паўночную Караліну, Арызону, Неваду, Вісконсін і Мічыган.
На сёння апытанні грамадскай думкі аддаюць перавагу Харыс у Пенсільваніі, Невадзе, Вісконсіне і Мічыгане, а Трампу — у Джорджыі, Арызоне і Паўночнай Караліне. Прычым у большасці з гэтых штатаў разрыў складае нават не працэнты, а долі працэнта — нашмат менш за статыстычную хібнасць.
Там і вырашыцца вынік выбараў.
Дональд Трамп і Камала Харыс падчас дэбатаў 10 верасня ў Філадэльфіі. Фота: AP Photo / Alex Brandon
Беларусі выгадна, каб ЗША заставаліся магутнай дзяржавай, якая б ураўнаважвала ў нашым рэгіёне Расію: Масква імкнецца да паглынання ўсходнееўрапейскіх дзяржаў ці прынамсі татальнага кантролю над імі. Для Беларусі таксама выгадна, каб ЗША захоўвалі альянс з краінамі Еўропы.
У сваю чаргу, Масква яўна падтрымлівае амерыканскіх ізаляцыяністаў, якія выступаюць за тое, каб ЗША перасталі абараняць еўрапейскі кантынент.
Ізаляцыяністы цяпер гуртуюцца вакол Рэспубліканскай партыі, кандыдатам ад якой ідзе экс-прэзідэнт Дональд Трамп.
Адначасова Расія падтрымлівае антыамерыканскія сілы ў краінах ЕС, імкнучыся ўбіць клін між Амерыкай і Еўропай. Масква спадзяецца з часам дасягнуць дамінавання над еўрапейскім кантынентам.
Рэальную палітыку той ці іншай амерыканскай адміністрацыі цяжка прадказаць, яна нярэдка адрозніваецца ад перадвыбарнай рыторыкі. Аднак кідаецца ў вочы, што сілы, якія выступаюць за ўміратварэнне Расіі коштам Украіны і Беларусі, гуртуюцца вакол Трампа. Сумневы адносна апраўданасці далейшай фінансавай падтрымкі Украіны выказвалі, у прыватнасці, кандыдат у віцэ-прэзідэнты ад рэспубліканцаў Джэй Дэвід Вэнс, а таксама сын Трампа — Дональд Трамп-малодшы.