У Беларусь зноў заляцеў шахед. У гэты ж час у небе быў верталёт Лукашэнкі

Авіяцыя на перахоп беспілотніка не падымалася, піша «Беларускі Гаюн».

24.09.2024 / 14:00

Ілюстрацыйнае фота: Паветраныя сілы Украіны

Шахед заляцеў у Беларусь а 09:25 раніцы з Чарнігаўскай вобласці Украіны.

Вядома, што дрон перасёк мяжу ў раёне н.п. Любеч і рухаўся курсам на Брагін. Далейшы лёс дрона невядомы. У момант заходу шахеда вылетаў авіяцыі ВПС Беларусі над паўднёвым усходам краіны не фіксавалася.

Роўна ў гэты ж час у небе над Беларуссю ляцеў верталёт з Лукашэнкам на борце, які накіроўваўся з рэзідэнцыі «Азёрны» на 230-ы агульнавайсковы палігон Абуз-Лясноўскі, дзе прызямліўся каля 10:00. Калі выказаць здагадку, што шахед працягнуў рух на паўночны захад, то ён мог бы дасягнуць палігона Абуз-Лясноўскі ўжо да 11:00.

Паводле звестак «Гаюна», гэта ўжо як мінімум 45-ы шахед, які заляцеў у паветраную прастору Беларусі пачынаючы з 11 ліпеня 2024 года, і 24-ы толькі за верасень.

Nashaniva.com