Старшыня ЦВК назваў тры прычыны, чаму не хоча ставіць відэакамеры на ўчастках

Старшыня ЦВК Ігар Карпенка патлумачыў, чаму не хоча трансляваць у інтэрнэт карцінку з выбарчых участкаў — як гэта робіцца нават у Расіі. Сапраўдная прычына простая — тады б кожны мог упэўніцца, што яўка на ўчастках не такая, якую малююць фальсіфікатары. Але Карпенка прывёў тры іншыя аргументы.

24.09.2024 / 15:33

Ігар Карпенка

Першая прычына — філасофская. «Трансляцыя з участку ўсяго выбарчага працэсу на працягу гэтых 12 гадзін, пакуль ідзе галасаванне, нічога не вырашае», — пераконвае Карпенка.

Другая заўвага датычыць магчымых скаргаў: «Мы ведаем прыклады, калі людзі пасля выбараў пачынаюць звяртацца: «Вось я там на камеры бачыў…». І потым пачынаюць кіламетры гэтых відэазапісаў разглядаць і ў выніку нічога не знаходзяць. Або фэйкавае відэа ўкідваюць, у цяперашніх умовах гэта таксама дапушчальна».

Трэцяя прычына тычыцца боязі ўмоўных кіберпартызанаў: «Сёння хакеры спрабуюць узломваць сістэмы і ўлазяць у сістэму відэаназірання. І гэта таксама пытанні».

«Таму я не думаю што [наяўнасць камер на ўчастках] нейкім чынам уплывае на празрыстасць выбарчага працэсу», — падсумаваў Ігар Карпенка.

Nashaniva.com