Раяна Рута афіцыйна абвінавацілі ў спробе замаху на Дональда Трампа
Па абвінавачванні ў спробе замаху на Трампа яму пагражае пажыццёвы тэрмін.
25.09.2024 / 07:08
Раян Рут, які быў затрыманы 15 верасня пасля таго, як яго заўважылі ля агароджы гольф-клуба Дональда Трампа з аўтаматам у руках, афіцыйна абвінавачаны ў спробе замаху на кандыдата на выбарах. Пра гэта ў аўторак абвясціла Міністэрства юстыцыі ЗША, піша Бі-бі-сі.
«Міністэрства юстыцыі не пацерпіць гвалтоўных дзеянняў супраць самой сутнасці нашай дэмакратыі, і мы будзем знаходзіць і прыцягваць да адказнасці тых, хто іх прадпрымае», — заявіў з гэтай нагоды кіраўнік Міністэрства, генеральны пракурор ЗША Мэрык Гарленд.
58-гадоваму Раяну Руту, які ўтрымліваецца пад вартай з дня затрымання, раней ужо былі выстаўленыя абвінавачванні па двух артыкулах, звязаных з валоданнем зброяй, па якіх яму пагражала да 20 гадоў зняволення. Па абвінавачванні ў спробе замаху на Трампа яму пагражае пажыццёвы тэрмін.
Раян Рут
Міністэрства юстыцыі ў аўторак абвясціла, што абвінавачванне зацвердзіла вялікае журы Маямі.
У панядзелак з дакументаў, пададзеных пракурорамі ў суд, стала вядома, што Раян Рут некалькі месяцаў таму напісаў запіску на выпадак няўдалага замаху на Трампа і падкінуў яе ў дом неназванага сведкі.
«Я стараўся з усіх сіл і зрабіў усё, што мог», — напісаў Рут і заклікаў іншых завяршыць тое, што не ўдалося яму.
Дональд Трамп ужо абвінаваціў адміністрацыю прэзідэнта ЗША ў тым, што яна неналежным чынам вядзе справу Рута і заклікаў перадаць яго праваахоўным органам Фларыды, дзе знаходзіцца яго гольф-клуб і дзе была прадпрынятая меркаваная спроба замаху.
Мэрык Гарленд у аўторак адмяніў гэтыя абвінавачванні, сказаўшы журналістам, што яго міністэрства будзе супрацоўнічаць з уладамі штата ў рамках закона.
З судовых дакументаў вынікае, што весці справу Рута выпала па жэрабі акруговаму суддзі Айлін Кэнан.
Кэнан летась была прызначаная суддзёй і па іншай звязанай з Трампам справе — аб захоўванні ім сакрэтных дакументаў — і адхіліла абвінавачванні пракурораў супраць Трампа. Тыя падалі апеляцыю, рашэнне па ёй яшчэ не прынята.
15 верасня супрацоўнік аховы экс-прэзідэнта Трампа з Сакрэтнай службы заўважыў ствол, прасунуты з кустоў скрозь агароджу гольф-клуба Трампа. Сам Трамп у гэты час гуляў за некалькі сотняў метраў ад гэтага месца.
Ахоўнік адкрыў агонь, і ўладальнік ствала пабег, кінуўшы на месцы аўтамат і заплечнік. Праз кароткі час яго машына была спыненая паліцыяй на шашы ў суседняй акрузе.
Першае пасяджэнне суда з удзелам Рута, на якім ён павінен будзе прызнаць віну або заявіць аб невінаватасці, запланавана на 30 верасня.
У аўторак быў арыштаваны і сын Раяна Рута, Оран Рут. Яго абвінавачваюць у захоўванні дзіцячай парнаграфіі.
У рамках расследавання справы Рута-старэйшага праваахоўныя органы на выходных правялі ператрус у доме Рута-малодшага ў Паўночнай Караліне і, як яны кажуць, адначасна знайшлі сотні парнаграфічных малюнкаў непаўналетніх.
За два месяцы да выпадку з Рутам замах на Трампа на мітынгу ў Пенсільваніі здзейсніў 20-гадовы Томас Мэцью Крукс. Куля з яго вінтоўкі чыркнула Трампу па вуху, і Крукса застрэліў снайпер аховы.