Трамп: ЗША павінны выйсці з вайны ва Украіне

«Я думаю, што мы затрымаемся ў гэтай вайне, калі толькі я не стану прэзідэнтам. Я ўсё зраблю», — кажа кандыдат у прэзідэнты.

25.09.2024 / 08:01

Дональд Трамп. Фота: Bill Pugliano / GETTY IMAGES

Кандыдат у прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп у аўторак заявіў, што Злучаным Штатам трэба выйсці з вайны ва Украіне. На думку Трампа, віцэ-прэзідэнт Камала Харыс і прэзідэнт Джо Байдэн не маюць адпаведнага плана, піша «Голас Амерыкі».

«Байдэн і Камала ўцягнулі нас у гэтую вайну ва Украіне, і цяпер яны не могуць нас адтуль вывесці. Яны не могуць нас вывесці», — сказаў Трамп, выступаючы ў Джорджыі. Амерыканскія вайскоўцы не ўдзельнічаюць у ваенным канфлікце Украіны і Расіі, аднак Вашынгтон даў Кіеву ваенную і гуманітарную дапамогу коштам у мільярды даляраў.

«Я думаю, што мы затрымаемся ў гэтай вайне, калі толькі я не стану прэзідэнтам. Я ўсё зраблю. Я даб'юся перамоваў, я выйду з яе. Мы павінны выйсці. Байдэн кажа: «Мы не сыдзем, пакуль не пераможам». А што адбудзецца, калі яны [Расія] перамогуць?»— сказаў Трамп.

Дэмакраты прытрымліваюцца прынцыпова іншай пазіцыі.

Прэзідэнт Джо Байдэн, звяртаючыся ў аўторак да ўдзельнікаў Генасамблеі ААН, заклікаў краіны-чальцы ААН паважаць статут арганізацыі, а не «проста маўкліва стаяць у баку» ў выпадку з расійскай агрэсіяй супраць Украіны.

«Я заклікаю ўсіх стаяць плячом да пляча з Украінай. Пуцін прайграе вайну, таму што Украіна застаецца свабоднай, — заявіў прэзідэнт. — Ён спрабаваў аслабіць NATO, але NATO сёння больш адзінае, чым калі-небудзь».

Байдэн заклікаў краіны-чальцы ААН прадаўжаць падтрымку Украіны, «каб захаваць яе свабоду».

Выбарчая кампанія Камалы Харыс апублікавала ў панядзелак заяву з крытыкай на адрас Трампа з нагоды ягоных выказванняў наконт Украіны.

«Віцэ-прэзідэнт Харыс разумее, што, калі Амерыка сыдзе з Украіны, Пуцін будзе сядзець у Кіеве, гледзячы на астатнюю Еўропу і нашых саюзнікаў у NATO», — заявіў Морган Фінкельштэйн, прадстаўнік кампаніі Харыс у пытаннях нацыянальнай бяспекі.

У Трампа кажуць, што не планавалі яго сустрэчы з Зяленскім

Раяна Рута афіцыйна абвінавацілі ў спробе замаху на Дональда Трампа

Харыс і Трамп ідуць нос у нос, вынік выбараў цяжка прадказаць, а яны вызначальныя для нашага рэгіёна

Nashaniva.com