Мінабароны Брытаніі: У апошнія месяцы Расія несла самыя вялікія штодзённыя страты з пачатку вайны
З мая Расія штодня губляе не менш за тысячу чалавек параненымі і забітымі, што стала самымі высокімі стратамі расійскай арміі ва Украіне з пачатку вайны.
25.09.2024 / 11:27
Паводле ацэнкі брытанскіх вайскоўцаў, у маі Расія губляла ў сярэднім 1262 вайскоўцаў кожны дзень, у чэрвені — 1163, у ліпені — 1140, а ў жніўні — 1187.
Мінабароны Вялікабрытаніі чакае, што ў верасні страты расійскай арміі ў сярэднім таксама будуць перавышаць 1000 чалавек у дзень.
У 2022 годзе, як вынікае з апублікаванага брытанскімі ваеннымі паведамлення, Расія штодня губляла ад 236 да 537 чалавек у дзень. Максімальнага ўзроўню страты дасягнулі ў канцы года, гаворыцца ў паведамленні.
У 2023-м страты вагаліся ад 701 да 967 чалавек у дзень, паведаміла Мінабароны Вялікабрытаніі. Больш за ўсё забітых і параненых у расейскім войску было таксама ў самым канцы года, вынікае з паведамлення.
Агульныя страты Расіі забітымі і параненымі з пачатку вайны Мінабароны Вялікабрытаніі ацаніла ў 610 тысяч чалавек.
Падобную ацэнку агульнай колькасці страт расійскай арміі тыдзень таму публікавала The Wall Street Journal, па даных якой, з пачатку вайны Расія страціла каля 600 тысяч ваенных параненымі і забітымі, піша «Агенцтва».
З канца красавіка Расія актывізавала наступ у Данецкай і Харкаўскай абласцях. З гэтым можа быць звязаны рост страт у маі і наступных месяцах, пра які паведамляе Мінабароны Вялікабрытаніі.
Апошні раз Расія апублікавала афіцыйныя страты ў вайне з Украінай у верасні 2022 года. Тады Сяргей Шайгу паведаміў, што загінулі 5937 вайскоўцаў.