Прадпрымальнікам прапануюць купіць прапагандысцкую кнігу за 125 рублёў

На стварэнне кнігі «Беларусь адзіная» быў выдзелены грант Лукашэнкі. Цяпер выданне навязваюць прадпрыемствам і арганізацыям.

25.09.2024 / 11:49

Да «Дня народнага адзінства» 17 верасня ў Беларусі апублікавалі выданне «Беларусь адзіная». Кнігу выдала рэдакцыя часопіса «Дело (Восток + Запад)». Аўтары яе — краязнавец Уладзімір Ліхадзедаў і супрацоўніца Нацыянальнага музея Святлана Харужык, навуковы кіраўнік — дэпутат парламента Вячаслаў Даніловіч.

Як стала вядома «Радыё Свабодзе», цяпер гэтую кнігу «прапаноўваюць» набыць арганізацыям і прадпрыемствам. Пра гэта расказала прадпрымальніца Вольга (імя суразмоўцы змененае дзеля бяспекі), якая кіруе невялікай фірмай.

Паводле яе слоў, на працоўную скрынку кампаніі прыйшоў ліст, дзе рэдакцыя часопіса «прапануе закупку новага выдання». У лісце пазначана, што гэта трэба зрабіць «з мэтай правядзення ідэалагічнай працы». Таксама аўтар паведамлення зазначае, што кніга створаная пры падтрымцы гранту Аляксандра Лукашэнкі і ўключаная ў «спіс сацыяльна значных выданняў».

Выданне «Беларусь адзіная» прысвечана 85-й гадавіне ўз'яднання Заходняй Беларусі і БССР. Каштуе яна 125 рублёў, з перасылкай — 145.

Прадпрымальніца Вольга расказвае, што ўспрыняла «прапанову закупіць» як абавязак.

«Тым больш тут «палохаюць», што кніга — за грант Лукашэнкі і «сацыяльна значная». У нас мала выбару», — кажа Вольга.

Nashaniva.com