У беларуса канфіскавалі больш за 6 млн рублёў-ён незаконна гандляваў крыптавалютай
Беларус аформіў ІП і дэклараваў, што займаецца грамадскім харчаваннем.
25.09.2024 / 12:31
Ілюстрацыйнае фота: Paul Yeung/Bloomberg via Getty Images
Суд канфіскаваў 6,6 млн рублёў (больш за 2 млн даляраў) у ІП, які займаўся незаконнымі здзелкамі з крыптавалютай.
Паводле звестак следства, беларус з ліпеня 2022 года да снежня 2023 года нелегальна займаўся аперацыямі, аналагічнымі дзейнасці аператараў абмену крыптавалют і аператараў крыптаплатформаў, і пры гэтым не быў рэзідэнтам ПВТ, паведамляе Вярхоўны суд.
Для гэтага ён арандаваў офіснае памяшканне ў адным з гандлёвых цэнтраў Брэста, а таксама прыцягваў наёмных работнікаў без заключэння з імі працоўных або грамадзянска-прававых дагавораў. За паўтара года жыхар Брэсцкай вобласці здзейсніў 785 незаконных здзелак з крыптавалютамі.
У судзе мужчына распавёў, што асноўны від яго прадпрымальніцкай дзейнасці — гэта грамадскае харчаванне.
У выніку ІП аштрафавалі на 6 тыс. рублёў з канфіскацыяй 100% даходу, што склала 6,646 млн рублёў. У яго таксама плануюць канфіскаваць сродкі здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння і спагнаць іх кошт на амаль 12 тысяч рублёў.