Беларуску затрымалі за перавозку мігрантаў у Польшчы. Ёй пагражае да васьмі гадоў турмы
Ёй таксама вынесена прадпісанне аб вяртанні ў краіну паходжання і забарона на ўезд у Польшчу і краіны Шэнгенскай зоны тэрмінам на 10 гадоў.
25.09.2024 / 12:24
Фота: stray graniczna.pl
Польскія памежнікі затрымалі грамадзянку Беларусі, якая перавозіла траіх іранцаў і аднаго афганца. Інцыдэнт адбыўся 23 верасня недалёка ад польска-літоўскай мяжы, паведамляе Most.
У вёсцы Крэйвяны польскія памежнікі спынілі для праверкі аўтамабіль Škoda з варшаўскімі нумарамі. Падчас агляду высветлілася, што 30-гадовая беларуска перавозіла ў салоне і багажніку чатырох мігрантаў.
Па даных памежнай службы, трое грамадзян Ірана і адзін грамадзянін Афганістана незаконна перасеклі польска-літоўскую мяжу і не мелі дакументаў, якія даюць права на ўезд і знаходжанне на тэрыторыі Польшчы.
Паводле інфармацыі прэс-службы памежнай службы, мігрантаў вярнулі ў Літву, а беларуску затрымалі ў Польшчы. У жанчыны канфіскавалі аўтамабіль як рэчавы доказ. Беларусцы можа пагражаць да 8 гадоў пазбаўлення волі.
Ёй таксама вынесена прадпісанне аб вяртанні ў краіну паходжання і забарона на ўезд у Польшчу і краіны Шэнгенскай зоны тэрмінам на 10 гадоў.
Сёлета на польска-літоўскай мяжы затрыманыя 22 чалавекі за садзейнічанне ў арганізацыі незаконнага перасячэння мяжы.