У Астравецкім раёне мужчына выпіў атруту ад каларадскіх жукоў, вось што стала

Яго сваякі пералілі атруту ў бутэльку ад прахаладжальнага напою з завадской этыкеткай. Ніякіх пазнак яны не зрабілі.

25.09.2024 / 14:06

Фота: Дзяржкамітэт судовых экспертыз

Жыхар Астравецкага раёна выпіў атрутны раствор для барацьбы з каларадскім жуком.

52-гадовы мужчына трапіў у рэанімацыю Астравецкай ЦРБ з дыягназам «атручэнне невядомым ядам». Дактарам удалося выратаваць яго жыццё, піша БелТА.

Судовыя эксперты даследавалі вадкасць, якую выпіў мужчына, і прыйшлі да высновы, што ў ёй утрымліваецца хлорпірыфос. Гэта фосфарарганічны пестыцыд, які выкарыстоўваецца для знішчэння шкоднікаў у сельскай гаспадарцы. Рэчыва адносіцца да высоканебяспечных, яго ўжыванне можа прывесці да смерці.

Як аказалася, увечары мужчына ўбачыў у сябе на ўчастку бутэльку з напоем. Ён выпіў невялікую колькасць вадкасці і атрымаў сур'ёзнае атручванне.

У бутэльцы быў раствор атруты для каларадскага жука. Хімічны сродак у бутэльку з-пад прахаладжальнага напою з завадской этыкеткай пералілі сваякі мужчыны. Ніякіх апазнавальных знакаў на ёмістасці яны не пакінулі.

Nashaniva.com