Усаў: Пазняк нe ставіць свае палітычныя погляды вышэй за жыццё Калеснікавай

Павел Усаў у эфіры «Еўрарадыё» выказаўся з нагоды рэзанансных слоў Зянона Пазняка, які назваў Марыю Калеснікаву «палітычным нішто».

25.09.2024 / 14:32

Павел Усаў у эфіры «Еўрарадыё»

Палітолаг Павел Усаў пракаментаваў апошнія выказванні Зянона Пазняка на адрас палітвязняў Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай. 

Па словах Усава, Пазняк заклікаў да вызвалення ўсіх палітвязняў, незалежна ад яго стаўлення да канкрэтных асобаў.

«Тут стаіць пытанне жыццяў людзей. Жыцці людзей трэба ратаваць, незалежна ад таго, на якіх палітычных пазіцыях стаялі гэтыя людзі», — адзначыў Усаў.

Палітолаг не адмаўляе, што Пазняк негатыўна ставіцца да дзейнасці Бабарыкі, Калеснікавай і іншых людзей з гэтай групы, якая сфармавалася ў 2020 годзе. 

«Але ён не ставіць свае палітычныя погляды і ацэнкі ў дачыненні да гэтых людзей вышэй іх жыццяў. Для Пазняка, і я стаю абсалютна на тых жа пазіцыях, жыццё кожнага беларуса, які пацярпеў ад рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі, з'яўляецца каштоўнасцю, базавай каштоўнасцю. І за жыццё кожнага беларуса, які знаходзіцца ў турме, трэба змагацца», — заявіў Усаў.

Ён дадаў, што спачатку неабходна выратаваць жыцці ўсіх палітвязняў, а потым ужо спрачацца.

«Мы павінны іх выцягваць з турмы», — сказаў Усаў.

Nashaniva.com