Google заплаціла $2,7 мільярда за генія штучнага інтэлекту. Чым адметны гэты чалавек?

Кампанія Google змагла вярнуць у шэрагі сваіх супрацоўнікаў Ноама Шазіра (Noam Shazeer), які працаваў у кампаніі з 2000 года і звольніўся з яе ў 2021 годзе. Яна заплаціла за гэта шалёныя грошы.

25.09.2024 / 19:05

Ноам Шазір. Скрын відэа: a16z / YouTube

Як піша The Wall Street Journal, пасля звальнення з Google Шазір заснаваў стартап Character.AI — чат-бот штучнага інтэлекту, які імітуе размовы з рознымі персанажамі і стварае віртуальных памочнікаў на аснове ШІ.

У лістападзе мінулага года стала вядома, што Google вёў перамовы аб інвеставанні сотняў мільёнаў долараў у Character.AI. У выніку кампанія заплаціла 2,7 мільярдаў долараў за атрыманне ліцэнзіі на выкарыстанне тэхналогій, распрацаваных Character. Але здзелка ўключала ў сябе і згоду Шазіра вярнуцца ў Google. Разам з ім у кампаніі будуць працаваць каля 30 супрацоўнікаў стартапа.

Як паведамляе выданне, цяпер 48-гадовы інжынер-праграміст адзін з трох чалавек, якія ўзначальваюць намаганні Google па стварэнню наступнай версіі сваёй самай магутнай тэхналогіі штучнага інтэлекту Gemini.

Па словах аднаго з дасведчаных людзей, Шазір зарабіў сотні мільёнаў долараў на сваёй долі ў Character у рамках дамовы. Выплата такіх грошай незвычайна вялікая для заснавальніка, які не прадаў сваёй кампаніі і не прадаў яе акцый.

Піянер у сферы штучнага інтэлекту

Шазір далучыўся да Google у 2000 году ў якасці аднаго з першых некалькіх соцень супрацоўнікаў. Яго першым буйным праектам было стварэнне сістэмы для паляпшэння функцыі выпраўлення арфаграфіі ў пошукавай сістэме.

У 2017 годзе Шазір разам з сямю іншымі даследчыкамі з Google апублікаваў навуковую працу, у якой апісвалася камп'ютарная сістэма, здольная дакладна прадказваць наступнае слова ў паслядоўнасці па запыце чалавека. Гэтае даследаванне стала асновай для далейшага развіцця генератыўных тэхналогій штучнага інтэлекту.

Шазір разам з калегам з Google Дэніэлам дэ Фрэйтасам (Daniel De Freitas), стварылі чат-бот Meena, які мог упэўнена весці размовы на розныя тэмы. Шазір прадказваў, што Meena можа замяніць пошукавік Google і прынесці трыльёны долараў даходу. Аднак кіраўніцтва кампаніі адмовілася выпускаць чат-бот для публікі з-за меркаванняў бяспекі і таго, што сістэма можа выдаваць несправядлівыя або непажаданыя вынікі, якія маглі б быць шкоднымі для карыстальнікаў або супольнасцяў.

У 2021 годзе Шазір і дэ Фрэйтас сышлі з Google і заснавалі Character. Стартап у мінулым годзе здолеў прыцягнуць 150 мільёнаў інвестыцый, і яго ацанілі ў $1 мільярд. Цяпер у Character больш за 20 мільёнаў актыўных карыстальнікаў у месяц.

Як адзначае выданне, практыка, калі вялікія кампаніі ліцэнзуюць тэхналогіі меншых стартапаў і наймаюць іх ключавых супрацоўнікаў, распаўсюджаная сярод такіх тэхналагічных гігантаў, як Microsoft і Amazon. Гэта дазваляе ім прыцягваць патрэбных спецыялістаў па штучным інтэлекце, пазбягаючы складаных рэгулятыўных працэдур, звязаных з афіцыйным набыццём кампаній.

Google адкрыў скрыню Пандоры. Рэвалюцыйны інструмент стварае фэйкавую рэальнасць у адзін клік

Apple павінна выплаціць Ірландыі 13 млрд еўра

WhatsApp зможа адпраўляць паведамленні ў іншыя месенджары. А потым і тэлефанаваць

Штучны інтэлект будзе трэніравацца на навінах буйных медыякампаній. А ім за гэта заплацяць $250 мільёнаў

Nashaniva.com