Вайсковых пенсіянераў пазбавяць пенсій, калі тыя з'едуць жыць у «недружалюбныя» краіны

Такая норма закладзена ў законапраект, які адобрыла верхняя палата парламента.

25.09.2024 / 18:40

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Мінабароны

Законапраект вызначае адзіныя ўмовы і парадак пенсійнага забеспячэння былых вайскоўцаў і сілавікоў.

Дакумент прадугледжвае прадаўжэнне выплаты пенсій вайсковым пенсіянерам дзяржаў, якія заключылі з Беларуссю міжнародныя дагаворы, а таксама членам іх сем'яў.

Акрамя таго, законапраект вызначае, як будуць выплачваць пенсіі тым былым сілавікам, якія выехалі жыць за мяжу. У прыватнасці, тыя вайсковыя пенсіянеры, якія з'едуць жыць у «недружалюбныя краіны», пазбавяцца пенсій, растлумачыў член Савета Рэспублікі Валерый Гайдукевіч.

«Канкрэтызуюцца катэгорыі, якія будуць атрымліваць пенсійнае забеспячэнне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і пры выбыцці з нашай краіны. Прадугледжваюцца пэўныя льготы для тых, хто пражывае на тэрыторыі Беларусі, а хто едзе ў недружалюбныя краіны — пазбаўляецца іх.

Гэта датычыцца тых людзей, якія цяпер прымаюць рашэнне пакінуць Беларусь. Яны павінны разумець, што пенсіяй яны забяспечвацца не будуць», — заявіў Гайдукевіч.

Законапраект быў ухвалены верхняй палатай парламента.

Nashaniva.com