Як сын высокапастаўленага сілавіка выбраў беларушчыну

Іван Каленікавіч Дубавец быў галоўным ідэолагам МУС. Сын сфарміраваўся па апазіцыі да яго. Яго новая кніга — аўтабіяграфічная. Яна пра вызваленне сябе ў сабе і пра тую радасць, якую гэтае самавызваленне чалавеку прыносіць. Пра той дзэн, які перажывае беларус, дазволіўшы сабе стаць беларусам. Але гэта таксама спроба знайсці пазітыўную логіку ў падзеях, якія мы перажываем, і пабачыць надзею ў канцы нашага беларускага тунэля, пішуць Мікола Бугай і Зося Лугавая пра новую кнігу Сяргея Дубаўца «Занзібар».

25.09.2024 / 19:48

Пасады многае кажуць пра чалавека. Але часам найбольш пра яго гаворыць адзіны эпізод біяграфіі.

Сяргей Дубавец быў адным з нямногіх, хто з заможнай Еўропы, з Прагі, па ўласнай ініцыятыве вярнуўся жыць у Мінск. Але «Занзібар» — пра больш даўнія дні.

У новай кнізе Сяргея Дубаўца многія пазнаюць сябе: сваё дзяцінства і маладосць; сорамы; спазнанне свету; сумневы; памылкі; першую пажаду; бычкі, падабраныя на вуліцы; сядзенне на лаўцы ў кампаніі выпадковых у тваім жыцці людзей з бутэлькай віна.

Сталенне душы

Гэта не мемуары ў класічнай іх форме, але гэта і не раман выхавання. Гэта нон-фікшн — лірычны і рэфлексійны.

Гэта кніга пра ідэі, і яна напісаная ў тым непаўторным стылі, за які многія так палюбілі артыкулы Дубаўца з моманту яго дэбюту і чаму стараюцца не прапусціць ніводнай ягонай публікацыі. Калі хтосьці чакае работы над памылкамі свайго пакалення — не, гэта не работа над памылкамі. Гэтая кніга, сапраўды, як і абазначана на вокладцы, пра «сталенне душы». Яна аб прасвятленні, аб знаходжанні дарогі ў жыцці і тым дзэне, які перажывае беларус, дазволіўшы сабе стаць беларусам.

«Занзібар» — скрупулёзны ўспамін пра пошукі сябе, пра тое, як мы становімся тымі, кім становімся. І кніга пра Мінск 1960—1980-х. І спроба знайсці логіку ў падзеях, якія мы перажылі за апошнія гады, і пабачыць надзею ў канцы беларускага тунэля. І — прыгожы тэкст, які чытаецца не адарвацца. Вось проста, перадусім прыгожы. Асалода чытаць.

А чаму кніга называецца «Занзібар»? Таму што рэпрэсіі 2021 года змусілі Дубаўца пакінуць Беларусь, і жыццё занесла яго на гэты афрыканскі востраў. І ён спалучае назіранні за штодзённым жыццём там з успамінамі пра дзяцінства і маладосць у часы савецкае Беларусі. Выйшла незвычайна і на дзіва арганічна.

Проста вярнуліся да саміх сябе

Паміж сваёй уласнай гісторыяй (школа, першая праца, армія, універсітэт, размеркаванне ў Гомелі, каханне ў Берасці, вандроўкі ў Мір) Сяргей Дубавец расказвае гісторыю свайго і сваіх сяброў прыходу да беларушчыны, пра ўнутраныя імпульсы, задаваныя сабе пытанні.

«…сама Беларусь нарадзілася для нас з кніг, і як яна цяпер разраслася і ўразнастаілася, якой неабдымнаю стала. А гэта ўсё зрабілі мы ўсе разам. Хоць, папраўдзе, што мы такога зрабілі? Проста вярнуліся да саміх сябе. Вярнулі парадак рэчаў у тое рэчышча, якое было ад пачатку дзён. Было, пакуль нехта не вырашыў павярнуць нашу раку назад, то бок у нікуды. Павярнуў, і беларусы на нейкі час перасталі быць самі сабою. Усяго на пару пакаленняў. Пражылі сваё жыццё не ў сваім рэчышчы і зніклі без следу. Ніхто іх і не заўважыў. Сонца іхнае так і не ўстала. І, скажыце, ці варта было тую раку павяртаць?..»

Гэтае вяртанне аўтар бачыць наканаваным. Быццам да яго прыйшлі тыя, хто мусіў — з нечае высокае волі — прыйсці. У кнізе тут і там рассыпаны разважанні пра нябачныя ніткі лёсу, які круціць намі так, як яму заманецца.

Пра «Майстроўню», моладзевую суполку, якая ўзнікла на самым пачатку 1980-х, Дубавец так і кажа: цуд. (Гэтае ж слова ён скарыстоўваў у загалоўку кнігі пра «Майстроўню», якая выйшла ў 2012 годзе.)

«Ва ўсім, што мяне кімсьці рабіла, я не знаходжу рацыянальнага вытлумачэння, заўсёды быў нейкі штуршок знутры, нейкі ўнутраны голас».

Дубавец піша пра гэта так упэўнена, што амаль немагчыма не спакусіцца ягонай тэорыяй. Але ў «праграме твайго вечнага вяртання» ўсё ж ёсць нейкая памылковасць: само нічога не робіцца і не зробіцца. Жыццёвы шлях Дубаўца сам абвяргае ягоныя словы.

Вінцук Вячорка як каталізатар

Было фарміраванне асобы па апазіцыі да бацькі. Быў вырашальны ўплыў сябра ў фарматыўным моманце юнацтва. І была любоў да бабы. 

Бацька — палкоўнік міліцыі, галоўны ідэолаг МУС, які гаварыў строга па-расейску, нават калі прыязджаў у родную вёску на Мазыршчыне. Дзядзькі на радзіме гаварылі на роднай мове — але не бацька.

Была абыякавасць да вучобы і школы, быў стандартны набор кніг савецкага школьніка. Аднак было і тое, што дапамагло ў росшуках свайго я ўнутры сябе.

З Вінцуком Вячоркам Сяргей Дубавец з падачы бацькоў знаёміцца пасля 8 класа (гэта адпаведнік сённяшняга 9-га) у санаторыі «Беларусь» у Друскеніках. «Вінцук, праўда, быў на два гады маладзейшы, але інтэлектуальна больш развіты. Я, у сваю чаргу, выглядаў тады зусім дзіцём. Так яно неяк і склеілася».

Далей імя Вінцука Вячоркі рэгулярна ўзнікае на старонках кнігі: маладзейшы сябар аказаў на Сяргея Дубаўца моцны ўплыў.

Так сталася, што Дубавец перавядзецца з матыматычнай 50-й школы ў 4-ю (каля дома, дзе жыў Машэраў), у якой вучыўся Вячорка, будучая жонка Вінцука Арына, Пятро Марцаў і «шмат іншых герояў». Менавіта Вінцук і Арына з іншымі студэнтамі філфака створаць «Майстроўню», да якой далучыцца Сяргей Дубавец, скончыўшы тэрміновую службу.

Заслуга бабулі

Асаблівую ролю ў жыцці аўтара адыграе і любоў.

Любоў бабулі, бацькавай маці, непісьменнай бабы Хвядоры.

Бацькі Сяргея Дубаўца былі з Мазыршчыны. Старэйшая сястра бавіла час з бабай і дзедам па кудзелі ў Мазыры, а малодшага Сяргея везлі ў вёску Мялешкавічы, да бабы Хвядоры.

 

«Я вучыў бабу Хвядору чытаць літары, а яна тым часам сваім магнетызмам рабіла з мяне, ніякага, чалавека пэўнай, сваёй культуры, ментальнасці са сваім самабытным напаўненнем. І калі з маіх высілкаў нічога не атрымалася, дык з ейных цалкам сабе наадварот. Дзякуючы бабе Хвядоры я стаў усвядомленым беларусам». 

Беларускасць бабы Хвядоры была прыроднай, і трымацца свайго было для яе таксама справай натуральнай. Нічога іншага яна і не магла.

Бабуля па кудзелі была зусім іншая. Аўтар разводзіць аповеды пра дзвюх бабуль вельмі далёка ў тэксце, але не параўнаць іх усё адно не выпадае. Бацькі маці, баба Даня і дзед Андрэй, прыехалі ў Беларусь пасля вайны і «пільна трымаліся сваёй расейшчыны як у мове, так і ў звычках і паводзінах», у тым ліку правілаў не вытыркацца і лічыць сябе маленькім чалавекам. Для ілюстрацыі гэтага аўтару хапае ўсяго аднаго кароткага прыкладу. Прыехаўшы на практыку ў мазырскую газету і плануючы журналісцкае раследванне, унук-студэнт атрымаў ад бабулі параду: «А ты, Серёж, не лезь. Ты ведь, Серёж, говно»

На гэтым фоне беларуская баба Хвядора ёсць прыкладам самапавагі і ўпэўненага адчування сябе на сваёй зямлі. Пра яе Дубавец кажа: «Баба называла сябе беларускай. Яна была непісьменнай, то бок не паглыблялася ў тэму выбару для сябе нацыянальнага імя, бо жыла ў сваёй зусім архаічнай супольнасці такіх самых раўналеткаў, бацькоў і дзядоў… Яны ўсе, колькі сябе памяталі, былі беларусамі. Уявіць сабе, каб баба назвалася неяк інакш (расейкай, літвінкай, полькай) я не магу…»

Рамантычны нацыяналізм

Развагі Дубаўца пра беларускі нацыяналізм — рамантызаваныя. Беларускі нацыяналізм, па словах Дубаўца, — гэта нацыяналізм белых варон. Быць белай варонай у атачэнні чорных — гэта значыць быць ва ўразлівым становішчы. Але ў гэтай уразлівасці адначасова, маўляў, і моц такога нацыяналізму:

«Ён не такі ўпарты, не такі непераборлівы ў сродках, не такі часам тупы. Але ў тым самым і ягоная сіла… Ён безабаронны перад нападнікамі, але ён увесь час мабілізуе, прываблівае да сябе вялікую колькасць неафітаў, бо ён зусім не прымусовы і вельмі прывабны, кажучы адным словам — добры».

«Жыццё гэта Занзібар»

Развагі пра Афрыку — можа быць, самае слабае, што ёсць у гэтай кнізе. Арыенталісцкая ідэалізацыя і не дапамагае зразумець рэаліі Занзібара і чорнага кантынента ў цэлым, і скіроўвае чытача на фальшывы след увогуле. Утапічна шукаць страчаны рай у ладзе жыцця мінулых часоў.

Аўтар напраўду камфортна пачуваецца ва ўмовах Занзібара, дзе яны з жонкай трымаюць гатэлец. Але ці можна экстрапаляваць гэтае адчуванне выраю на ўсю Танзанію? У гэтай краіне ад часу здабыцця незалежнасці кіруе тая самая партыя, Chama Cha Mapinduzi. Папярэдні прэзідэнт адмаўляў кавід і ўрэшце ад яго і памёр. А акурат на днях мясцовыя сілавікі забілі дзеяча апазіцыі. А Танзанія гэта яшчэ што — побач Самалі, Судан, Конга, Бурундзі. 

Няма нічога ідылічнага ў афрыканскім ладзе жыцця, у афрыканскіх рэаліях, і даўншыфтынг — не ўніверсальны рэцэпт збавення.

Але назіранні за жыццём афрыканскай выспы вяртаюць аўтара успамінамі ў дзяцінства, у тое, што ён называе непасрэднасцю быцця. Гэтым развагам прысвечаны раздзел напачатку кнігі. Тое, што еўрапейцу можа падацца неўладкаванасцю ці беднасцю, папросту ёсць дастатковасцю. Жыццё на Занзібары ўладкавана роўна на столькі, на колькі гэта патрэбна ў тым клімаце і ўмовах. Менавіта такім прыгадваецца Дубаўцу ягонае дзяцінства: што ў вёсцы пад Мазыром, што на Круглай плошчы ў Мінску.

«Жыццё, калі хочаце, гэта Занзібар. Пра зло тут згадваеш часам, калі бачыш людзей з паўночнага паўшар’я, і ніколі, калі згадваеш сваё дзяцінства ў Мялешкавічах ці ў Мазыры, ці на Круглай у Менску. Жыццё гэта Занзібар… Непасрэднасць быцця не ўключае ў сябе зла. Як не ўключае ў сябе вайны. Зло — гэта як раз усё, што не пра жыццё і не пра Занзібар».

Genius Minsci

Успаміны Сяргея Дубаўца пра Мінск яго дзяцінства — кранальныя і захапляльныя. Ад іх не адарвацца, з якога б ты ні быў пакалення, якія б у Мінску твайго дзяцінства, юнацтва ні былі іншыя завядзёнкі і культавыя лакацыі. Сам аўтар кажа: «Можа быць і ўспаміны ўніверсальныя, бо чытаючы пра маё, вы ўсё адно будзеце думаць пра сваё».

Дубавец разважае пра дух Мінска, горада, які занадта змяніўся ў другой палове ХХ стагоддзя. Таму многія маюць шчымлівую любоў да горада сваёй маладосці, але ў сучасным Мінску ўжо мала яго пазнаюць. 

«…уласна духу месца ў Менску не было, была мая асабістая салодка-даўкая туга па ўласным дзяцінстве, а дух месца — агульны і аднолькава вычуваецца ўсімі, незалежна ад узросту ды іншых персанальных звестак. З чаго ён бярэцца? Цікавае пытанне. Напэўна, ён узнікае з сваёй уласнай нязменнасці — найкаштоўнейшае праявы, якая свая ў кожнага горада. Яна нематэрыяльная, таму захоўваць яе пры ўсіх непазбежных матэрыяльных пераўтварэннях — сапраўднае мастацтва».

У «Занзібары» шмат лірыкі. А яшчэ — культурнага кантэксту. Вы рэгулярна будзеце знаходзіць у ёй цытаты і адсылкі да розных твораў — ад Рамэна Гары да Джойса, ад Янкі Купалы да верша Насты Кудасавай пра лётчыка, «які нікога не ўратаваў». 

І гэта кніга-пагружэнне ў акіян беларускасці. Пагружэнне, якое прыносіць агромністую інтэлектуальную і маральную асалоду. 

Сяргей Дубавец. Занзібар. — Прага: Вясна, 2024

* * *

Трохі біяграфіі

65-гадовы Сяргей Дубавец быў важаком першых арганізацый, якія мелі мэтай здабыццё Беларуссю незалежнасці — у змрочным пачатку 1980-х.

У тыя самыя 1980-я ён ажыццявіў перазагрузку беларускай літаратурнай і культурнай крытыкі.

Пасля Дубавец быў сярод ідэолагаў стварэння Народнага Фронту.

А ў 1991 годзе ён ажыццявіў смелы праект адраджэння «Нашай Нівы».

На пераломе тысячагоддзяў ён перадаў выданне малодшаму пакаленню, а сам перайшоў на Радыё Свабода і, як высветлілася нядаўна, стаў масонам, вырас у іерархіі да вялікага майстра Вялікай ложы Беларусі.

У 2010 годзе ён перажыў страшную трагедыю — гібель жонкі, вялікай беларускай паэткі Таццяны Сапач.

Ён аўтар, сярод іншага, кніг «Практыкаванні» (1992), «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду» (2012) і «Стагоддзе НН» (2023).

Nashaniva.com