Зяленскі распавёў Генасамблеі ААН, якога «рэальнага міру» хоча Украіна

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў часе выступлення на Генасамблеі ААН у Нью-Йорку настойваў на справядлівым міры ва Украіне ў адпаведнасці з яго «формулай міру», піша «Еўрапейская праўда».

25.09.2024 / 19:41

У сваёй прамове Зяленскі выклаў асноўныя пункты таго, якім ён бачыць дасягненне міру.

«Мы павінны аднавіць ядзерную бяспеку, выкарыстанне энергіі як зброі павінна спыніцца, мы павінны гарантаваць харчовую бяспеку, мы павінны вярнуць дадому ўсіх нашых захопленых салдат і цывільных, верагодна, дэпартаваных у Расію. Мы павінны выконваць Статут ААН і гарантаваць наша права, права Украіны на тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт, так, як мы гэта робім для кожнай іншай дзяржавы», — сказаў Зяленскі.

«Мы павінны вывесці расійскія акупацыйныя войскі, што пакладзе канец баявым дзеянням ва Украіне. Мы павінны прыцягнуць вінаватых у ваенных злачынствах да адказнасці… Мы не павінны дапусціць другога ці падобнага да гэтага расійскага ўварвання.

Мы павінны дакладна даць зразумець: вайна скончылася. Гэта — «формула міру». Якая з яе частак можа быць непрымальнай для любога, хто прытрымліваецца Статута ААН?» — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Nashaniva.com