«Будуць купляць у асноўным ужо гатовае жыллё». Рыхтуюцца змены ў сферы будаўніцтва прыватных дамоў
У Беларусі будуць спрашчаць парадак будаўніцтва прыватных дамоў. Пры гэтым будучых уласнікаў максімальна выключаць з працэсу будоўлі жылля, расказалі ва ўрадзе.
25.09.2024 / 22:58
Улады хочуць прыбраць шэраг дадатковых патрабаванняў пры ўзвядзенні дамоў будаўнічымі арганізацыямі з наступным іх продажам насельніцтву, паведаміў на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі віцэ-прэм'ер Анатоль Сівак.
«Для спрашчэння працэсу будаўніцтва жылля цяпер прапрацоўваецца пытанне замацавання парадку, пры якім будучыя ўласнікі жылля (юрыдычныя і фізічныя асобы) максімальна выключаюцца з працэсу будаўніцтва і будуць купляць у асноўным ужо гатовае жыллё», — сказаў Анатоль Сівак.
Сівак растлумачыў, што такі варыянт дасць магчымасць у далейшым пазбегнуць шэрагу пытанняў, якія ўзнікаюць з боку фізічных асоб, якія не маюць дастатковых ведаў у галіне будаўніцтва.
Адносна індывідуальнага жылля Мінбудархітэктуры падрыхтаваны праект указа, які прадугледжвае стварэнне спрошчанага парадку ўзвядзення будаўнічымі арганізацыямі жылых дамоў з далейшай іх рэалізацыяй насельніцтву.
Пытанне спрашчэння будаўніцтва прыватных дамоў абмяркоўваюць беларускія ўлады не першы год. Яшчэ ў 2022-м Аляксандр Лукашэнка расказаў аб планах па аблягчэнні ўзвядзення жылля. Паводле яго слоў, гаспадар сам павінен адказваць за бяспеку дома «сваёй галавой, сваёй сям'ёй, сваімі дзецьмі».
Цяпер гэту адказнасць хочуць перакласці на прафесіяналаў.