«Мы падтрымліваем украінскую формулу міру». Ціханоўская ў Нью-Ёрку расказала пра беларускае бачанне сітуацыі
23 верасня ў Нью-Ёрку распачалася Генасамблея ААН. Удзел у мерапрыемстве ўзяла Святлана Ціханоўская. Шмат увагі падчас пасяджэнняў надавалася вайне ва Украіне, мірным перамовам і бяспецы ў рэгіёне, паведамляе яе прэс-служба.
26.09.2024 / 11:15
Святлана Ціханоўская з Юліяй Навальнай і Хілары Клінтан. Фота: ОСЦ
Святлана Ціханоўская распавяла пра пазіцыю, якую даводзіла на Генасамблеі:
«Мы падтрымліваем украінскую формулу міру. Вайна павінна быць скончаная. Украіна павінна вярнуць свае тэрыторыі, а адказныя за вайну — панесці пакаранне.
Аднак для беларусаў вельмі важна, каб у любых дамоўленасцях улічваліся і нашыя нацыянальныя інтарэсы. Таму падчас Генасамблеі мы настойвалі: расійскія войскі павінны быць выведзеныя не толькі з тэрыторыі Украіны, але і Беларусі — гэтаксама, як і расійская ядзерная зброя. Ваенна-палітычныя пагадненні паміж Мінскам і Масквой пасля 2020 года павінны быць ануляваныя».
На думку Ціханоўскай, шлях да трывалага міру павінен уключаць:
- вызваленне беларускіх палітвязняў;
- правядзенне сумленных і свабодных выбараў у Беларусі пад міжнародным наглядам,
- правядзенне канстытуцыйнай рэформы.
«Толькі дэмакратычна абранае кіраўніцтва Беларусі можа стаць гарантам для бяспекі Украіны, гэтаксама і як і для іншых нашых суседзяў», — заключае нацыянальны лідар Беларусі.