Украінскі дыпламат: Тэрарысты не каліноўцы, а тыя, з-за каго сотні тысяч беларусаў вымушаныя былі пакінуць радзіму
Былы пасол Украіны ў Мінску, а сёння пасол па асаблівых даручэннях Ігар Кізім пракаментаваў у сваім фэйсбуку прызнанне Вярхоўным судом Беларусі Палка Кастуся Каліноўскага «тэрарыстычнай арганізацыяй».
26.09.2024 / 13:13
Ігар Кізім зазначыў, што яму дзіўна назіраць за тым, як палітычны рэжым краіны, які падтрымлівае іншую тэрарыстычную дзяржаву, абвінавачвае сваіх грамадзян, якія змагаюцца супраць гэтай тэрарыстычнай дзяржавы, у тэрарызме.
«Відаць, неўзабаве згадка самога імя Кастуся Каліноўскага, фігурай якога павінен ганарыцца беларускі народ, будзе карацца лукашэнкаўскім рэжымам.
Падчас працы ў Беларусі асабіста бачыў, як гэта адбываецца, калі хтосьці публічна ўспамінаў (або дэманстраваў) беларускую гістарычную сімволіку або, у знак падтрымкі Украіны, завязваў сіне-жоўтую стужку на руцэ, казаў «Не вайне» або проста глядзеў іншыя навіны, чым тыя, якія вяшчаюць дзяржаўныя СМІ або паблікі», — напісаў дыпламат.
Дыпламат напісаў, што, «цяпер можа правільней было б казаць пра іншыя беларускія «тэрарыстычныя» арганізацыі, дзеянні якіх сталі прычынай масавага ад'езду з краіны сотняў тысяч беларусаў і якія сёння «ўтрымліваюць за кратамі тысячы людзей толькі за тое, што яны маюць іншае, чым лукашэнкаўскае, бачанне будучыні сваёй Радзімы».
«Будучыня Беларусі ў руках саміх беларусаў, але мы шчыра ўдзячныя тым беларусам, хто сёння ў шэрагах УСУ разам з украінцамі абараняе нашы супольныя каштоўнасці, нашу супольную еўрапейскую будучыню, нашу супольную свабоду і набліжае нашу супольную перамогу над расійскім агрэсарам», — падсумоўвае пасол Кізім.