Міністр інфармацыі Маркаў знайшоў медыятара для дыялогу паміж дзяржавай і апазіцыянерамі

Кажа, што эмігранты давяраюць яму.

26.09.2024 / 19:57

Раман Пратасевіч

Міністр інфармацыі Марат Маркаў прапанаваў зваршчыку Раману Пратасевічу стаць медыятарам паміж дзяржавай і апазіцыяй. Ідэя прагучала падчас шоу «Маркаў. Нічога асабістага», куды ў трэці раз на інтэрв'ю паклікалі Пратасевіча.

«Вы гатовыя выступіць медыятарам паміж дзяржавай і збеглымі, якія вам давяраюць, могуць пакласціся на ваша слова і напісаць заяву [ў камісію па вяртанні]? Гэта такая спантанная мая асабістая цікавасць…. Вы гатовы ў гэтым плане папрацаваць?» — спытаў міністр інфармацыі.

«Гатовы, — запэўніў Раман Пратасевіч. — І магу сказаць па сакрэце, я ўжо раблю першыя крокі ў гэтым кірунку».

«То-бок калі ад вас прыйдзе смс нейкаму … — не буду называць прозвішчы людзей, якіх я сам добра ведаю даўно (смяецца), — то яны могуць давяраць, што гэта прыйшло ад вас?» — працягнуў Марат Маркаў.

Пратасевіч выказаў меркаванне, што рассылаць смс — не самая добра ідэя. Маўляў, лепш, калі ініцыятыва будзе ісці ад эмігрантаў.

Nashaniva.com