Суд у Польшчы асудзіў беларуса на два гады за шпіянаж на карысць Расіі

30-гадовага Уладзіслава П. прысудзілі да двух гадоў турмы, піша PAP. Імаверна, гутарка ідзе пра Уладзіслава Пасміцюху, пра затрыманне якога стала вядома ў сакавіку мінулага года. Разам з Уладзіславам была затрыманая яго дзяўчына — на той момант 18-гадовая Марыя Мядзведзева.

26.09.2024 / 22:53

Уладзіслаў Пасміцюха і Марыя Мядзведзева. Скрын відэа з тыктока Марыі

Разам з Уладзіславам судзілі 23-гадовага ўкраінца Максіма Л. Яго асудзілі да шасці гадоў зняволення.

Па версіі следства, абвінавачаныя ўсталявалі камеры на чыгунцы, якая выкарыстоўвалася для паставак гуманітарнай і ваеннай дапамогі Украіне. Акрамя таго, яны збіралі інфармацыю аб працы марскіх партоў і аднаго з аэрапортаў Польшчы.

Вясной 2023 года польскія спецслужбы распавялі аб затрыманні 16 чалавек па справе аб шпіянажы на карысць Расіі.

Пра Уладзіслава Пасміцюху вядома не шмат. У 2012 годзе хлопец паступіў на факультэт французскай мовы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Там жа, але на іншым факультэце, вучыўся яго брат-блізнюк Віталь, які нейкі час працаваў рэпетытарам іспанскай мовы ў Расіі. Уладзь некалькі год таму падпрацоўваў на Мінскім электрамеханічным заводзе імя Казлова. 

Уладзіслаў Пасміцюха. Фота: яго старонка Укантакце

«Ва Уладзя былі добрыя адносіны з сям'ёй і братам. Ён вельмі надзейны і шчодры, а таксама занадта даверлівы, як і яго дзяўчына — Марыя Мядзведзева.

Яны з Марыяй хацелі жыць разам, таму ён вырашыў пераехаць у Варшаву. Уладзь пакуль прыглядаўся і шукаў працу, паехаў туды з усімі сваімі зберажэннямі і, наколькі я ведаю, яму таксама дапамагала сям'я.

У Польшчы яны хацелі абжыцца. Чаму іх затрымалі і што яны зрабілі, ніхто не разумее, і гэта стала вялікай нечаканасцю для ўсіх знаёмых», — кажа сябар пары.

Марыі Мядзведзевай суд прызначыў пакаранне ў 13 месяцаў — з 16 устаноўленых членаў шпіёнскай сеткі Марыя атрымала самае нязначнае пакаранне.

Як і большая частка абвінавачаных, яна прызнала віну і пагадзілася на добраахвотнае адбыццё тэрміну.

Чым займалася шпіёнская група і колькі за гэта плацілі

Усяго па справе праходзілі 16 чалавек, іх ролі былі розныя.

У членаў групы быў куратар, з якім яны звязваліся праз тэлеграм, высветліць яго асобу следству не ўдалося. У месенджары ён назваўся Андрыем, Анджэем, а таксама Габрыэлем. Дзеяннямі групы кіравалі і іншыя людзі, якія выкарыстоўваюць нікі Barbados, Pink, Mara, Secret Chat.

План-максімум арганізатараў заключаўся ў адпраўцы пад адхон цягніка з вайсковым транспартам для Украіны. За гэта было прапанавана ўзнагароджанне ў 10 тысяч даляраў.

Але наогул заданні, якія члены групы атрымлівалі ад куратараў, былі рознымі.

Перш за ўсё, гэта назіранне за транспартнай інфраструктурай і ваеннымі аб'ектамі: марскімі партамі, аэрапортамі, чыгуначнымі вакзаламі і вайсковымі часткамі Польшчы. Паводле звестак польскай пракуратуры, чальцы групоўкі ўсталявалі на чыгуначных шляхах не менш за шэсць камер відэаназірання, а ў цягніках усталявалі GPS-перадатчыкі. Такім чынам адсочваліся пастаўкі ваеннай і гуманітарнай дапамогі Украіне.

За ўсталяваную камеру выканаўцам плацілі 300-400 даляраў.

Таксама ўдзельнікі групы атрымлівалі больш дробныя заданні, звязаныя з прапагандысцкай дзейнасцю: малявалі графіці, расклейвалі стыкеры і ўлёткі з антынатаўскімі і антыўкраінскімі лозунгамі.

За кожную ўлётку выканаўца атрымліваў пяць даляраў.

Таксама выканаўцам выдзелілі грошы на пражыванне ў гасцініцах і на паездкі па краіне. Як высветліла пракуратура, аплата абвінавачаным выраблялася ў крыптавалюце.

Члены групы, якія пагадзіліся на добраахвотнае адбыццё пакарання, атрымалі тэрміны ад 13 месяцаў да шасці гадоў пазбаўлення волі. Таксама суд прызначыў ім штрафы ад 1 тысячы да 20 тыс. злотых (250 — 5 тысяч даляраў) і пастанавіў канфіскаваць сродкі, атрыманыя ў выніку злачыннай дзейнасці.

Nashaniva.com