«Дзеці таксама перажываюць турэмны досвед». Пра што кніга Алега Груздзіловіча, якую ён напісаў у турме для малечы
Журналіст «Радыё Свабода» выдаў новую кнігу пад назвай «Прыгоды Дзядзі Віці на Валадарцы». Ён распавёў БАЖ, як стваралася гэтае ўнікальнае выданне.
27.09.2024 / 07:46
Кніга «Прыгоды дзядзі Віці на Валадарцы» Алега Груздзіловіча. Фота: Радыё Рацыя
Пра што і для каго кніга
Гэта ўжо другая кніга журналіста «Радыё Свабода» пра свой турэмны досвед («Мае турэмныя муры» выйшлі ўлетку 2023 года і ўжо адзначаны прэміяй імя Францішка Аляхновіча). Алег Груздзіловіч быў асуджаны да паўтара года турмы, выйшаў на волю 21 верасня 2022 года па памілаванні і з’ехаў у Літву.
Адметнасць выдання «Прыгоды Дзядзі Віці на Валадарцы» ў тым, што гэтая кніга з вершамі і малюнкамі напісана для чытання дзецьмі разам з дарослымі:
— Гаворка ідзе ад асобы вязня дзядзі Віці — пажылога чалавека прыкладна майго ўзросту, які патрапіў у турму і рэфлексуе на тое, што адбываецца вакол. У кнізе ўсяго 28 вершаў, і толькі адзін з іх напісаны пасля вызвалення ў 2024 годзе, але паводле падзеяў, якія адбываліся на Валадарцы. Астатнія строфы, як і малюнкі, зробленыя ў турме, — распавёў журналісту БАЖ аўтар.
Лірыка пераважна кароткая (за выключэннем некалькіх вершаў, напісаных для больш сталага ўзросту), лёгкая для дзіцячага ўспрымання. Некаторыя строфы і малюнкі спадар Алег дасылаў з турмы ўнукам Еве, Сафіі, Кастусю, Аляўціне і Анатолю, якім кніга і прысвячаецца.
Алег Груздзіловіч у Вільні праз некалькі месяцаў пасля вызвалення. 2022 год. Фота: БАЖ
— Частка дайшла да іх, частка не прайшла. Нявестка з унукамі чыталі, і прасілі: дзядуля, пішы яшчэ, што далей адбылося з дзядзем Віцем. Вершы, якія не прапусціла цэнзура, пазней праз аднаго чалавека ўдалося перадаць на волю. Калі я б з імі пасля патрапіў у калонію №15, дзе адбываў тэрмін, то на выхадзе з калоніі ўсё б забралі і знішчылі б. Як знішчылі ўсе лісты і дзённік, — адзначыў журналіст.
Расказваць ці хаваць ад дзяцей турэмныя рэаліі?
У кнізе змешчаныя тлумачальныя тэксты: пра адносіны паміж людзьмі, пра дзеянні адміністрацыі, проста жыццёвыя назіранні, якія напісаныя вершаванай моваю.
— Гэта не турэмныя вершы. Сэнс у тым, каб дарослыя тлумачылі дзецям, пра што ў кнізе ідзе гаворка, бо некаторыя рэчы, натуральна, малеча не зразумее, — расказвае спадар Груздзіловіч.
Але гэта нашыя рэаліі: у многіх дзяцей у турмах сядзяць бацькі, таты, мамы, дзяды — дзецям даводзіцца з гэтым сутыкацца. Мяркуючы па маіх унуках, дзецям хочацца ведаць, у якіх умоваў жыў дзядуля, што ён бачыў за кратамі. Натуральна жорсткія рэчы я абыходжу, але некаторыя базавыя паняцці, як салідарнасць, дружба, сяброўства, туга па дому, па сваяках, я спадзяюся, знайшлі адлюстраванне ў гэтых вершах.
Дызайн кнігі зрабіў мастак Уладзімір Міхневіч. Кніга «Прыгоды Дзядзі Віці на Валадарцы» пачынаецца з прадмовы дзіцячага псіхолага Вольгі Вялічкі.
— Дзеці таксама перажываюць турэмны досвед, з імі пра гэта трэба размаўляць. Іх трэба берагчы, але не трэба ад іх гэта хаваць. У алегарычнай форме гэта, хутчэй, падручнік пра паводзіны ў вязніцы. Але я спрабаваў адарвацца ад турмы, кніга ўвогуле пра тое, як сябе паводзіць: мыць садавіну-гародніну, прыбіраць добра ў пакоі, быць кемлівым, дапамагаць адзін аднаму, бараніць сябе, чытаць кнігі, любіць родную мову, сябраваць з прыродай. У тым ліку з дапамогай малюнкаў, — падкрэсліў суразмоўца.
Кніга выйшла ў выдавецтве «Камунікат» накладам 200 экземпляраў.
Яе прэзентацыя пройдзе сёння, 27 верасня, у гасцёўні Беларускай рады культуры (Вільня, вуліца šv. Ignoto 5).