Якія змены чакаюцца для работнікаў і працадаўцаў

Абнаўленні, якія плануюць, асабліва закрануць тых, хто сядзіць без працы, ці ў пошуку.

01.10.2024 / 14:47

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Змены ў законы па пытаннях занятасці дэпутаты прынялі ў другім чытанні 17 верасня. Яны ўступяць у сілу, калі будуць ухвалены Саветам Рэспублікі і падпісаны Лукашэнкам.

Гэтыя змены мусяць закрануць як наймальнікаў, так і тых, хто шукае працу.

Асноўныя новаўвядзенні для суіскальнікаў працы

Зарэгістравацца ў якасці беспрацоўнага можна будзе без прывязкі да месца рэгістрацыі. 

Калі цягам месяца пасля звальнення вы зарэгіструецеся ў службе занятасці, то можаце разлічваць на дапамогу па беспрацоўі.

Сам перыяд выплаты дапамогі па беспрацоўі хочуць скараціць з шасці да трох месяцаў. Але варта адзначыць, што памер гэтай дапамогі мізэрны (максімум 80 рублёў на месяц). 

З'явіцца больш катэгорый беспрацоўных, якім дадуць дадатковыя гарантыі па працаўладкаванні ў кошт броні.

Максімальны тэрмін знаходжання на ўліку ў якасці беспрацоўнага зменшаць з 18 да 12 месяцаў.

Змены для наймальнікаў

Ім плануюць даць больш магчымасцяў для пошуку работнікаў.

Наймальнікі змогуць атрымаць магчымасць заяўляць у агульнарэспубліканскі банк вакансій не толькі дзеючыя вакансіі, але і тыя, якія з'явяцца ў перспектыве.

Пры гэтым будзе забаронена размяшчаць вакансій на анлайн-рэсурсах, калі гэтыя працоўныя месцы не заяўлены ў агульнарэспубліканскі банк вакансій.

Можна будзе публікаваць вакансіі не толькі па працоўных, але і па грамадзянска-прававых дагаворах.

Запрацуюць квоты на працоўныя месцы для інвалідаў.

Гэтыя і іншыя змены могуць уступіць у сілу з 1 студзеня 2025 года.

Цалкам азнаёміцца з законапраектам можна па спасылцы.

Вядоўцы вяселляў мусяць паспяшацца ў падатковую, каб не застацца без працы. Важныя змены для самазанятых і ІП з 1 кастрычніка

Nashaniva.com