Крывавая гісторыя братоў Менэндэс. Топавы серыял па рэальных падзеях, які абавязкова трэба пабачыць

Зверская расправа Лайла і Эрыка Менэндэс над сваімі бацькамі скалыхнула ў 1989 годзе ўсю Каліфорнію. У гісторыі за столькі гадоў не засталося белых плямаў, акрамя адной — матыву забойцаў. Ці сапраўды за глянцавым вобразам паспяховай сям’і з Беверлі-Хілз хаваліся здзекі і сэксуальны гвалт з дзяцей? Або ўсё гэта прыдумалі прагныя да грошай браты-псіхапаты?

29.09.2024 / 08:00

Сям'я Менэндэс у новым серыяле ад Netflix. Кадр з серыяла

Серыял «Монстры: Гісторыя братоў Менэндэс», які нядаўна выйшаў на Netflix, — працяг крымінальнай анталогіі Раяна Мёрфі і Іена Брэнана. Першая частка, якая выйшла ў 2022 годзе, была прысвечана жудаснаму маньяку Джэфры Дамеру і нарабіла нямала шуму сваёй неадназначнасцю.

У новай частцы гісторыя разварочваецца вакол сям’і Менэндэс, на чале якой стаіць былы кубінскі эмігрант, а тады ўжо кіраўнік буйной кінакампаніі Хасэ Менэндэс, якога сыграў аскараносны Хаўер Бардэм. Увесь час жыцця ў ЗША ён біўся за тое, каб вырвацца ў людзі, здзейсніць сваю «амерыканскую мару». Здавалася, што вось яна: высокая пасада, цудоўны дом у Беверлі-Хілз, у якім жыў Элтан Джон, ды цудоўная спадарожніца жыцця Кіці (Хлоя Севіньі, вядомая па ролях у «Амерыканскай гісторыі жахаў»), якая падарыла яму двух сыноў.

Хасэ Менэндэс быў патрабавальным перфекцыяністам, а сыны прыносілі яму толькі расчараванне. Кадр з серыяла

Сыноў Хасэ выхоўваў строга, бо лічыў, што толькі з таго, хто прайшоў такі ж шлях, як ён сам, можа вырасці сапраўды годны чалавек. Па ягонай ініцыятыве дзеці рана пачалі займацца спортам. Старэйшы сын Лайл (Нікалас Чавес, вядомы па ролі ў серыяле «Галоўны шпіталь», за якую атрымаў прэмію «Эмі») паступіў у Прынстанскі ўніверсітэт, а малодшы Эрык (Купер Кох) спрабаваў сябе ў тэнісе. Бацька, перакананы перфекцыяніст, патрабаваў ад хлопцаў толькі найлепшых рэзультатаў, але атрымліваў расчараванні, за што пагражаў выкрасліць няўдачнікаў з завяшчання.

Дом сям'і Менэндэс у Беверлі-Хілз. Кадр з серыяла

Але насуперак жаданню бацькі сыны выраслі разбэшчаныя ягонымі грашыма і ні ў што не ставілі іншых людзей. Яны часта зрываліся па дробязях, асабліва на прычэпкі бацькі, вылучыліся эгацэнтрызмам, самазакаханасцю, інфантыльнасцю.

Яны рабавалі дамы багатых людзей толькі дзеля забавы, ад нуды, а бацьку даводзілася выцягваць іх з бяды і залагоджваць суседзяў. Спробы працаваць на звычайнай працы за капейкі для Лайла скончыліся істэрыкай. Эрык жа жадаў кар’еры мадэлі, а не спартсмена, якім яго бачыў бацька.

Браты Менэндэс распраўляюцца з бацькамі. Кадр з серыяла

І аднойчы браты вырашылі пазбавіцца надакучлівых бацькоў. Увечары яны ціха ўвайшлі ў свой дом і дванаццацю стрэламі з драбавікоў вырашылі сваю галоўную праблему.

Серыял не стварае інтрыгі вакол асоб забойцаў. Забойства спачатку спісалі на мафію, а прыгожыя, атлетычна складзеныя хлопцы з мільёнамі даляраў бацькавай спадчыны займелі мноства прыхільнікаў, якія спачувалі ім як ахвярам. Некалькі месяцаў забойцы трацілі грошы на брэндавыя рэчы і гатэлі прэміўм-класа.

Браты смуткуюць па бацьках за шопінгам у дарагіх буціках. Кадр з серыяла

Але браты былі неахайнымі ў падрыхтоўцы забойства і дрэнна ўмелі трымаць язык за зубамі. Урэшце следства з неабвержнымі доказамі зноў выйшла на Лайла і Эрыка.

Шчыра кажучы, прагляд гэтага серыяла быў вялікім авансам, бо апошнія гады Netflix часта хавае пад прыгожай глянцавай карцінкай нявартыя часу пустышкі. Але ў гісторыі багацеяў Менэндэсаў глянец, нават часам непраўдападобны — гэта тое, што і трэба. Але не толькі гэтым багаты серыял.

За фасадам шчаслівай сям'і можа хавацца нямала шкілетаў. Кадр з серыяла

Тое, як зняты «Монстры», прыводзіць у захапленне. Нам распавядаюць гісторыю сям’і Менэндэс так, каб мы пабачылі некалькі версій таго, чаму браты забілі сваіх бацькоў. Самі браты даводзяць, што шмат гадоў, аж да самага забойства, цярпелі садысцкі сэксуальны гвалт з боку ўладнага бацькі, а маці ўсё ведала, але нічога не зрабіла. 

Серыял адмыслова пазбягае прамых адказаў, наадварот, ён разгойдвае гледачоў на арэлях няўпэўненасці і разважанняў. Значная ўвага надаецца асабістай трагедыі кожнага героя, што дазваляе глыбей зразумець матывы і пачуцці ўсіх бакоў.

Турма па-рознаму раскрывае братоў Менэндэс. Кадр з серыяла

Нават у турме браты паводзяць сябе неразумна і неабачліва, толькі пагаршаючы сваё становішча. Цяжка паверыць гэтым хлуслівым і разбэшчаным сацыяпатам, пакуль іх словы не пачынаюць знаходзіць усё больш пацвярджэнняў. Версія, расказаная з погляду бацькоў, спачатку цалкам разбурае версію братоў, але неадназначныя моманты ў ёй ізноў пераконваюць у тым, што хоць бы часткова браты маглі казаць праўду.

Эпізод «Паранены чалавек» прымушае перажыць супярэчлівыя пачуцці. Кадр з серыяла

Пяты эпізод пад назвай «Паранены чалавек» уражвае сваёй геніяльнай прастатой. Ён зняты ў нечаканым фармаце аднаго дубля: 30 хвілін Эрык вядзе перад адвакаткай жудасную споведзь пра жахі з ягонага жыцця з бацькамі і ўласную гомасэксуальнасць, у якой ён не можа разабрацца праз сэксуальны гвалт у дзяцінстве (для Коха гэта не новы досвед — ён адкрыты гей і раней граў збольшага ў «новым квір-кіно», дзе часта закранаецца тэма ідэнтычнасці).

Адвакатка сядзіць увесь час спінай да гледача, пакідаючы яго сам-насам са зламаным хлопцам. Камера вельмі павольна набліжаецца да Эрыка. Калі эмацыйны накал дасягае кульмінацыі, стваральнікі серыяла зноў агаломшваюць гледача ўсяго адным рухам вачэй.

У гісторыю забойства Менэндэсаў далікатна ўплятаецца гісторыя іншага зорнага забойства. У 1982 годзе сваім раўнівым бойфрэндам Джонам Суіні была задушана 22-гадовая актрыса Домінік Дан, зорка фільма жахаў «Палтэргейст». Нягледзячы на ​​пратэсты і абурэнне грамадскасці, Суіні дзякуючы ягоным адвакатам апраўдалі ў забойстве першай ступені і прысудзілі яго да шасці з паловай гадоў турмы за ненаўмыснае забойства.

Эры Грэйнар, якая выканала ролю Абрамсан, сапраўдная знаходка серыяла. Кадр з серыяла

У серыяле адвакатка Лэслі Абрамсан, якая быццам бы выратавала Суіні ад смяротнага пакарання, узялася і за безнадзейную справу братоў Менэндэсаў, намагаючыся паказаць іх ахвярамі гвалту перад судом прысяжных.

Эры Грэйнар, якая выканала ролю Абрамсан, сапраўдная знаходка серыяла — яе гульня неверагодна пераканаўча паказвае адвакатку, якая пранікаецца гісторыямі сваіх кліентаў, шукае ў іх бакі, якіх не бачаць іншыя, і ўсім сэрцам перажывае за іхнюю будучыню, але пры гэтым застаецца з халоднай галавой у сваёй справе. Калі братам верыць нават яна, то чаму не мусім і мы?

Журналіст і пісьменнік Дамінік Дан выступае сапраўдным голасам грамадскасці ў гісторыі братоў Менэндэс. Кадр з серыяла

На іншым баку гэтай сюжэтнай лініі — бацька Дамінік, вядомы журналіст Дамінік Дан з часопіса Vanity Fair, чыё сэрца разбіта смерцю дачкі і тым, што яе забойцу выставілі амаль невінаватым. Ён па службовых абавязках і з уласнага інтарэсу пільна сочыць за справай братоў. Ён — яшчэ адзін расказчык, які на званых вячэрах пераказвае сваім багемным сябрам свежыя плёткі пра Менэндэсаў. Некаторыя з іх добра кладуцца на іншыя версіі гісторыі, некаторыя, магчыма, чыстая выдумка. Хто ведае. Высакамоўны расказчык Дан — вынаходлівы спосаб рэжысёраў нетрывіяльна паказаць грамадскую думку ў гучнай крымінальнай справе.

Браты Менэндэс у судзе. Кадр з серыяла

Фінал серыяла можна было б апісаць фрагментам з застольнай размовы Дана:

— І тады нарэшце, можа быць, мы пабачым у справе Менэндэсаў намёк на справядлівасць?
— Калі б я не развучыўся верыць у цуды, то я б меў надзею.

Следам за гэтымі словамі за зачыненымі дзвярыма калегіі прысяжных адбываецца сапраўды біблейская сцэна, якая схіляе вагі ў іншы бок. Але кропка ў справе не пастаўлена дагэтуль. Літаральна летась у гісторыі братоў Менэндэсаў з’явіліся новыя доказы, якія могуць змяніць усё. 

{DONATE_PAYPAL}

Ф. Раўбіч