МЗС Літвы заявіла, што не атрымлівала ад Мінска прапаноў па нармалізацыі адносін. І назвала некалькі ўмоў

Міністэрства замежных спраў Літвы адказала на артыкул Максіма Рыжанкова ў газеце Адміністрацыі Лукашэнкі.

28.09.2024 / 14:06

МЗС Літвы заявіла, што не атрымала ад Мінска ніякіх прапаноў аб нармалізацыі стасункаў.

У артыкуле для «Беларусь сёння» кіраўнік беларускага МЗС заклікаў Літву аднавіць супрацоўніцтва па лініі пагранічных і спецыяльных службаў, галіновых ведамстваў, міністэрстваў замежных спраў.

«Міністэрства замежных спраў Літвы не атрымлівала па дыпламатычных каналах прапановы беларускага боку, пра якія гаворыцца ў артыкуле, апублікаваным міністрам замежных спраў Беларусі», — цытуе паведамленне МЗС Літвы LRT.

У ведамстве падкрэслілі, што ў Беларусі працягваюцца палітычныя рэпрэсіі, краіна працягвае падтрымліваць Расію ў вайне супраць Украіны, а таксама вядзе інфармацыйную вайну супраць еўрапейскіх суседзяў.

МЗС Літвы назваў некалькі ўмоў для нармалізацыі адносін.

«Рэжым Лукашэнкі выдатна ведае, пры якіх умовах можна чакаць аднаўлення адносін паміж Літвой і Беларуссю, якія паваліліся па віне рэжыму: вызваліць усіх палітвязняў, выплаціць кампенсацыю ім і ўсім беларусам, якія пацярпелі ад пераследу, прыцягнуць да адказнасці вінаватых у гвалце і злачынствах — не толькі непасрэдных выканаўцаў, але і асоб, якія аддавалі загады», — гаворыцца ў паведамленні.

Сярод іншых умоў — правядзенне свабодных выбараў у Беларусі, аднаўленне справядлівасці для беларускага народа, а таксама для народа Украіны, які пацярпеў ад расейскай агрэсіі. Літва, акрамя таго, патрабуе пакараць вінаватых у злачынствах супраць чалавецтва, у тым ліку ў незаконных перасоўваннях украінскіх дзяцей, а таксама кампенсаваць страты, якія панесла Літва праз гібрыдную агрэсію Беларусі.

У МЗС Літвы заявілі, што маюць намер дамагацца далейшай ізаляцыі Беларусі і ўвядзення новых санкцый.

Nashaniva.com