Турбуешся за буслоў, якія не адляцелі? Вось як ім можна дапамагчы

Звычайна ў канцы жніўня белыя і чорныя буслы ўжо пакідаюць Беларусь. Застаецца толькі невялікая частка белых буслоў — позніх маладых, хворых альбо прыручаных чалавекам. Ці трэба ім дапамагаць? Залежыць ад абставін, піша тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач».

28.09.2024 / 22:02

Фота: Анастасія Скачэк / @ptushkafota

Першы выпадак — малады бусел, які прыйшоў у вёску і слабы ў палёце.

Гэта маладая птушка позняй гадоўлі, якая яшчэ дрэнна лётае, але можа пералятаць на значныя адлегласці.

Такіх маладых буслоў лепей пераправіць на луг, дзе ў іх ёсць магчымасць паляваць і спазнаваць жыццё самастойна. За імі лепей назіраць і толькі пры неабходнасці адлавіць, каб перадаць у прытулак (Гродзенскі заапарк, прыватная прыродаахоўная ўстанова «Ахова прыроды» ў Асіповіцкім раёне і Цэнтр дапамогі дзікім жывёлам «Сірын» пад Мінскам. Кантакты можна знайсці ў інтэрнэце).

Другі выпадак — птушка ў цэнтры горада, якую падкармілі людзі каля крамы.

Птушка, якую, верагодна, вырасцілі людзі і навучылі браць ежу з рук. Карміць такога бусла не трэба. Калі яго падкормліваць, ён будзе заставацца на месцы і не будзе вучыцца паляваць, не кажучы ўжо пра тое, каб пачаць перамяшчацца і міграваць. Гэткія выпадкі часта заканчваюцца наездам машыны або няшчасным выпадкам, калі бусел цэліць у вока чалавеку (напрыклад, дзіцяці), які падыходзіць занадта блізка.

Калі кармленне спыніць, гэта прымусіць бусла самастойна шукаць ежу і рухацца. Пакуль яшчэ цёпла, у бусла ёсць шанец усё ж рушыць да месцаў зімоўкі.

Трэці выпадак — бусел траўмаваны.

Такога бусла трэба паказаць ветэрынару (глядзі памятку па дапамозе параненай птушцы).

З прыродаахоўнай пазіцыі беламу буслу як віду зараз нічога не пагражае. Штогадовая гібель сотняў гэтых птушак ад натуральных прычын не можа неяк пагоршыць становішча віду. І таму з прыродаахоўнай пазіцыі дапамагаць трэба галоўным чынам птушкам, якія пацярпелі праз чалавека, бо ў такім выпадку можа загінуць і моцны, здаровы бусел.

Хоць з зааабарончага пункту гледжання, вядома, шкада любую птушку.

Трое беларусаў выратавалі параненага чорнага бусла

«Акела прамахнуўся». У сеціве завірусілася пацешнае ВІДЭА, як брэсцкі кот паляваў на бусла

У чорных буслоў у Беларусі стала выводзіцца больш птушанят. У чым прычына?

У Глыбоцкім раёне бусел заблытаўся ва ўласным гняздзе. Давялося выклікаць МНС

Пад Мінскам бусел купаўся ў возеры разам з людзьмі ВІДЭА

Nashaniva.com