Яшчэ аднаго беларуса не пусцілі назад у Грузію. Ён кажа, што «сядзеў ціха, плаціў падаткі і нікуды не лез»

Афіцыйнае тлумачэнне — «іншыя прычыны, прадугледжаныя грузінскім заканадаўствам».

29.09.2024 / 11:10

Від на Батумі з аднаго з гатэляў. Фота «Нашай Нівы»

Хлопцу, якога не пусцілі ў Грузію, каля 35 гадоў. Ён расказаў сваю гісторыю ў чаце канала «Батумчык», які асвятляе жыццё горада Батумі.

Павел (імя змененае) жыў у Грузіі каля двух гадоў. Але днямі яго не пусцілі ў краіну пасля таго, як ён з'ездзіў у Турцыю і вяртаўся назад. На мяжы пры гэтым ні пра што не пыталіся, проста ў якасці прычыны ўказалі «іншыя прычыны, прадугледжаныя грузінскім заканадаўствам».

Мужчына кажа, што памежнікі «нічога не вырашаюць». Калі вы спрабуеце пераехаць мяжу, то памежнік праглядае вас па нейкай базе. Павал раней меркаваў, што трэба быць журналістам, актывістам ці дзеячам дыяспары, каб апынуцца ў гэтай базе, але ён не трапляе ні ў якую з гэтых катэгорый. «Сядзеў ціха, плаціў падаткі, нікуды не лез», — піша Павал.

Зачэпкай магло б быць тое, што на іх з дзяўчынай двойчы за апошні год выклікалі паліцыю, калі яны гучна сварыліся ўначы. Але яны не атрымалі тады нават штраф, толькі пісалі тлумачальныя наконт таго, чаму былі такімі гучнымі ўначы. Да таго ж дзяўчыну Паўла ўпусцілі без праблем.

«Дзякуй Грузіі і грузінскаму народу, што прытулілі нас у вашай цудоўнай краіне. Вы — цудоўныя, вы — неверагодныя. Нізкі вам паклон», — напісаў Павал на развітанне.

Іншыя людзі таксама дзеляцца сваімі гісторыямі. Напрыклад, чалавек з нікнэймам «Пушкін у Чылі» распавядае, што шмат у каго з людзей здараліся непрыемныя гісторыі, калі яны ўкладаліся ў бізнэс — напрыклад, пасля ім анулявалі ВНЖ ды яны яго гублялі.

Іншыя людзі пішуць, што вырашылі не адкрываць там свой бізнэс, бо не пэўныя ў тым, што такога не здарыцца з імі.

Падобныя выпадкі пакуль не частыя, але ва ўездзе ў Грузію насамрэч могуць адмовіць без тлумачэння прычын. І ў некаторых выпадках адстаяць права ўезду чалавека немагчыма.

Беларуску не пусцілі ў Грузію, хоць яна там жыве і працуе больш за год. Што рабіць?

«Мы вас мусім вярнуць на тэрыторыю Польшчы». Андрэй Мялешка расказаў, як яго з дачкой не пусцілі ў Грузію

«Адвакатка проста ашалела». Беларусы па-за шэнген-зонай, у якіх хутка скончыцца пашпарт — пра свой план дзеянняў

Nashaniva.com