Зняволены расказаў, як сядзеў у калоніі ў Глыбокім у суседняй камеры са Статкевічам

Руслан Акостка — салігорскі дэсантнік. Апошнія чатыры гады ён правёў за кратамі — за тое, што прайшоў праз увесь Салігорск з бел-чырвона-белым сцягам. Такім чынам ён ушанаваў памяць забітага Рамана Бандарэнкі. Частку свайго тэрміну Акостка адбываў у калоніі асобага рэжыму №13 у Глыбокім — дзе ўтрымліваюць Міколу Статкевіча.

29.09.2024 / 22:00

Мікалай Статкевіч

Спачатку Акостку накіравалі адбываць прысуд у віцебскую калонію №3. Там завялі яшчэ адну крымінальную справу, за «непадпарадкаванне адміністрацыі» і ў выніку дадалі яшчэ год зняволення. Пасля гэтага Акостка трапіў у калонію асобага рэжыму №13 у Глыбокім.

Руслан Акостка. Фота: «Вясна»

«Мікола Статкевіч знаходзіцца на асобым рэжыме, я быў на строгім. Зняволеныя з розным рэжымамі падзеленыя. Але мы ўсё ж часам перасякаліся са зняволенымі на асобым рэжыме. Канкрэтна Статкевіча я не бачыў, бо ён адмовіўся быць у жылой зоне, і сядзеў ён у адзіночцы. Але я сядзеў з ім побач, няхай не ў адной камеры, але ў камеры па суседстве ў штрафным ізалятары», — расказвае былы палітвязень.

Акостка кажа, што гэта адбывалася прыкладна ў верасні-кастрычніку 2022 года:

«На той момант у Міколы ўсё было нармальна — наколькі гэта магчыма ў такой сітуацыі. Трэба разумець, што інфармацыя аб такіх людзях распаўсюджваецца цяжка. І нават калі яна з'явілася, яе трэба правяраць тысячу разоў. Бо інфармацыю пра палітычных зняволеных — асабліва вядомых — могуць запускаць у народ супрацоўнікі адміністрацыі. І такія навіны могуць быць хлуслівымі».

У пачатку студзеня 2023 года Руслана Акостку перавялі ў калонію №9 у Горках.

Нагадаем, Міколу Статкевіча затрымалі 31 мая 2020 года, калі ён ехаў на Камароўку на пікет Святланы Ціханоўскай. Праз паўтара года асудзілі на 14 гадоў калоніі асобага рэжыму.

З лютага 2023 года пра яго нічога не чутна. Яго, як і Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, Марыю Калеснікаву, Максіма Знака, Ігара Лосіка, утрымліваюць у рэжыме поўнай ізаляцыі.

Інфармацыі пра Статкевіча менш, чым пра ўсіх астатніх, бо ён як «рэцыдывіст» знаходзіцца ў калоніі ў Глыбокім. Там трымаюць яшчэ толькі аднаго палітвязня — рэйкавага партызана Віталя Мельніка.

Выйшаў на волю палітвязень Руслан Акостка

Калі затрымалі дэсантніка з БЧБ, дзяўчына пайшла і размалявала сцены

Мікола Статкевіч сустракае свой 68-ы дзень народзінаў за кратамі

Што вядома пра калонію асобага рэжыму ў Глыбокім, дзе сядзяць рэцыдывісты, «пажыццёвікі» і палітык Мікалай Статкевіч

Nashaniva.com