«У наступным годзе іх тут не будзе». Як Свята-Елісавецінскі манастыр гандлюе ў Польшчы
Свята-Елісавецінскі манастыр з Мінску адкрыта падтрымлівае расейскую агрэсію супраць Украіны. Частка грошай, якія манашкі збіраюць продажам сваёй прадукцыі, ідзе расейскай арміі: на іх купляюць лекі, аўтамабілі ўзброеным сілам РФ. Але гэта сродкі не толькі беларускіх ці расейскіх праваслаўных вернікаў, але і жыхароў еўрапейскіх краінаў. У прыватнасці — палякаў. Намёт з мінскага манастыра «Белсат» сустрэў на Фестывалі трох культур у Владаве, польскім горадзе на мяжы з Беларуссю і Украінай.
30.09.2024 / 08:20
Наведвальнікі Фестывалю трох культур аглядаюць прадукцыю Свята-Елісавецінскага манастыра. Ўладава, Польшча. 21 верасня 2024 года. Фота: Белсат
Майстры канспірацыі
Фестываль трох культур у Владаве праходзіць з 1995 года. Яго мэта — паказаць спадчыну юдаізму, праваслаўя і каталіцызму, трох культураў, якія спрадвеку прысутнічаюць у мястэчку на мяжы трох краінаў — Польшчы, Украіны і Беларусі.
Мы прыехалі ў Владаву ў другі дзень фестывалю. Галоўныя падзеі адбываліся ў цэнтры гораду, каля музейнага комплексу трох сінагог. На невялікай вулачцы сярод старой забудовы пад каштанамі размясціўся кірмаш. У намётах можна было набыць рамесныя вырабы, пакаштаваць польскія, літоўскія, украінскія прысмакі. Гучала музыка на любы густ. Каля музею — сцэна, на якой пазней мусіў адбыцца канцэрт, а навокал — рэканструкцыя падзеяў з гісторыі Владавы.
Намёт Свята-Елісавецінскага манастыра сярод іншых заўважыць няпроста. Хоць ён і ў цэнтры, якраз ля музею і сцэны, на ім не было ніякіх надпісаў ці пазнак, з якіх было б ясна, адкуль прыехалі ўласнікі прадукцыі, што ў ім прапаноўвалася. Такая канспірацыя моцна ўводзіла ў зман наведнікаў фестывалю.
Мы зразумелі, з чым маем справу, калі прыгледзеліся да тавараў, якія прадавала жанчына ў белым вэлюме з крыжыкам на галаве — напэўна, манашка менскага манастыра. На ўпакоўках травяных збораў, духмяных алеяў, лекаў быў указаны вытворца: Свята-Елісавецінскі манастыр.
«Я не даю інтэрв’ю»
— Адкуль увесь гэты тавар? — пытаемся ў манашкі.
— З Менску, Свята-Елісавецінскі манастыр, — не хаваючыся, адказвае яна. — Мы прыязджаем сюды ўжо 10 гадоў.
Жанчына размаўляе з намі па-польску. Калі мы запыталіся ў яе, ці можам пагутарыць па-расейску ці па-беларуску, яна сказала, што не, толькі па-польску.
— Дык пані ж з Беларусі, з Менску?
— Не, я з Польшчы.
Мы працягнулі размову з манашкай па-беларуску, і непадобна было, каб яна не разумела. Як так можа быць, што яна рэпрэзентуе беларускі манастыр, але сама нібыта з Польшчы, жанчына не патлумачыла.
— Кіраўніцтва Свята-Елісавецінскага манастыра адкрыта падтрымлівае Расею ў вайне супраць Украіны, і заробленыя манастыром грошы ідуць на гэтую вайну. Што вы пра гэта думаеце? — пытаемся. Але працягваць размову манашка не хоча.
— Я не даю інтэрв’ю. Калі ў вас ёсць пытанні, звяртайцеся ў манастыр. Я не ўпаўнаважаная адказваць. Вы мне перашкаджаеце, задаяце асабістыя пытанні. Гэта вельмі няветліва з вашага боку, — сказала манашка ўсё гэтак жа па-польску.
Манахіня Свята-Елісавецінскага манастыра на Фестывалі трох культур. Ўладава, Польшча. 21 верасня 2024 года. Фота: Белсат
«Не цікаўлюся палітыкаю»
Да размовы далучылася пакупніца, калі пачула пра Украіну:
— Зашмат украінцаў у Польшчы. Яны шмат кепскага робяць.
— А было б лепш, калі б расейцы сюды прыйшлі? — пытаемся.
— Так, было б лепш, — адказвае жанчына.
— А вы што думаеце пра тое, што беларускі манастыр, які падтрымлівае вайну ва Украіне, прадае свае тавары ў Польшчы? — пытаемся ў сямейнай пары сталага веку.
— Праўда? Мы не ведалі, тут напісана «Кітай» на прадукцыі. Ясна, што мы не падтрымліваем, — адказваюць яны.
— Не цікаўлюся палітыкаю, не браў гэта пад увагу, не задумваўся, — сказаў паляк пенсійнага веку.
Жанчына, якая даволі шмат набыла ў намёце манастыра, пахваліла прадукцыю:
— Ведаю іхныя вырабы і ўсім раю. Я раней сабе і праз інтэрнэт замаўляла. Цяпер купіла сродкі для суставаў, для паляпшэння сну.
— А вы ведаеце, што яны падтрымліваюць Расею ў вайне супраць Украіны?
— Мне не хочацца пра гэта выказвацца, — жанчына хутка сышла.
«Атрымліваецца, я падтрымаў сёння Расею»
Амаль усе наведнікі фестывалю, якія падыходзілі да намёту і з якімі мы гутарылі, адказвалі прыкладна гэтак жа: не ведалі, не цікавяцца палітыкаю, прапаганды хапае з усіх бакоў. Хтосьці не верыў нам.
«Штосьці вы не тое кажаце. Манастыр збірае грошы для сябе, на свае патрэбы. Гэта ж рэлігійная ўстанова», — сказаў адзін мужчына.
Мясцовы жыхар Цыпрыян, які прыйшоў на фестываль у прыгожай кашулі чорнага колеру з чырвонаю вышыўкаю, таксама набыў адзін флакончык у менскай манашкі. І таксама не звярнуў увагі, што купляе: думаў, прадукцыя з Румыніі. Мужчына вельмі здзівіўся інфармацыі пра падтрыманне манастыром Расеі ў вайне.
«Што ж, атрымліваецца, я падтрымаў сёння Расею, — заклапочана сказаў Цыпрыян, гледзячы на свой набытак. — Безумоўна, гэта кепска, што яны тут. Я не ведаў. Гэта пытанне да мясцовых уладаў, чаму яны тут».
Цыпрыян быў у Беларусі 20 гадоў таму і апошні раз — перад пандэміяй: кажа, вельмі падабаецца нашая краіна, моцна засмучаны тым, што цяпер у нас адбываецца, чакае перамогі Украіны ды аднаўлення свабоды і справядлівасці на нашых землях.
Наведвальнікі Фестывалю трох культур аглядаюць прадукцыю Свята-Елісавецінскага манастыра. Ўладава, Польшча. 21 верасня 2024 года. Фота: Белсат
А што арганізатары фестывалю і мясцовыя ўлады?
Не ведалі, хто прыехаў гандляваць на фестываль, і яго арганізатары. Дырэктарка гарадскога музейнага сінагагальнага комплексу Аніта Леўчук вэль Леонюк была вельмі здзіўленая:
«Ідэя нашага фестывалю — прэзентаваць суіснаванне розных культур і стваральнікаў нашага цудоўнага надбужанскага мястэчка Владавы, дзе з самога пачатку суіснавалі юдаізм, праваслаўе і каталіцызм… Мы хочам прасоўваць суіснаванне гэтых культураў, узаемапавагу, талерантнасць. І гэта мэта фестывалю, што ладзіцца з 1995 года. Да нас прыязджаюць госці з розных краінаў, у тым ліку, з суседніх — Украіны, Беларусі. Адна з удзельніц — сястра з Беларусі… Мы не правяраем кожнай асобы, якая да нас едзе, чым яна займаецца і гэтак далей, глядзім толькі на прадукцыю. Мы не ведалі, што гэты манастыр падтрымлівае вайну».
Падобная рэакцыя на навіну пра падтрыманне Свята-Елісавецінскага манастыра расейскай агрэсіі супраць Украіны была ў старасты Владаўскага павету Мар’юша Занька:
«Мы здзіўленыя гэтай інфармацыяй, і добра, што яна да нас трапіла. Прааналізуем гэта з кіраўніцтвам музею, і ў наступным годзе іх тут не будзе. Фестываль трох культураў — падзея непалітычная. Яго мэта — прасоўваць шматкультурнасць Владавы, памежжа, спадчыну трох рэлігіяў — рымска-каталіцкай, юдаізму і праваслаўя. Мы карыстаемся моваю згоды і талерантнасці. Калі казаць пра палітыку, то мы цалкам за перамогу Украіны, бо спакой ва Украіне — гэта спакой і ў Владаве, горадзе на мяжы».
Аніта Ляўчук на Фестывалі трох культур. Ўладава, Польшча. 21 верасня 2024 года. Фота: Белсат
Чым насамрэч займаецца Свята-Елісавецінскі манастыр
Менскі Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр — візітоўка Беларускай праваслаўнай царквы. У ім жывуць 130 манашак. Манастыр пазіцыянуе сябе як прытулак для асобаў, якія праходзяць рэабілітацыю, сацыялізацыю пасля зняволення, цяжка хварэюць ці змагаюцца з залежнасцю.
Адначасова рэлігійная ўстанова не хавае падтрымання вайны Расеі супраць Украіны, збірае ахвяраванні расейскай арміі, рэабілітуе параненых. Манашкі ездзяць на акупаваныя Расеяй тэрыторыі Украіны.
Прадукцыя Свята-Елісавецінскага манастыра на фестывалі Трох культур. Ўладава, Польшча. 21 верасня 2024 года. Фота: Белсат
Акрамя гэтага, Свята-Елісавецінскі манастыр вядомы ўжываннем таннай працоўнай сілы. За 25 гадоў існавання ўстанова развіла маштабны бізнес у вытворчасці і продажы свечак, іконаў, сувенірнай прадукцыі, гарбатаў, бальзамаў і гэтак далей… «Майстэрня працуе 7 дзён на тыдзень, часцяком працуе і начамі, не спыняецца праца майстэрні і 24 гадзіны на содні», — апавядала «Хрысціянская візія».
Манастыр стварыў буйную гандлёвую сетку ў Беларусі. Рэгулярнымі партыямі адпраўляе прадукцыю і за мяжу ў суправаджэнні сясцёр: Францыя, Вялікая Брытанія, Італія, Ірландыя, ЗША, Аўстралія, Ізраіль і Сербія.