У Маскве адбылася серыя выбухаў у ЖК «Селігер Сіці»
Пажар ахапіў чатыры паверхі.
30.09.2024 / 08:58
У ноч на 30 верасня ў жылым комплексе «Селігер Сіці» ў Маскве адбылася серыя выбухаў. Усяго прагучала ад пяці да васьмі выбухаў, пасля чаго пачаўся моцны пажар, які хутка ахапіў кватэры з пятага па восьмы паверх, піша Moscow Times.
Паводле папярэдніх звестак, прычынай выбухаў сталі газавыя балоны, якія знаходзіліся ў адной з кватэр на пятым паверсе.
У гэтай кватэры ішоў рамонт, а як мінімум чатыры балоны з газам былі дастаўленыя ў яе напярэдадні вечарам для ўстаноўкі нацяжной столі. У суседніх кватэрах выбуховай хваляй выбіла вокны.
У выніку выбухаў загінуў адзін чалавек — ратавальнікі знайшлі яго цела пасля таго, як пажар быў патушаны і пачаўся разбор завалаў. Інфармацыі пра пол і ўзрост загінулага няма. Таксама не паведамляецца, ці завершаны разбор завалаў. Яшчэ двое пацярпелі, у тым ліку дзіця. Яны дастаўлены ў гарадскія бальніцы, ім аказваецца медыцынская дапамога. Выратаваць удалося пяць чалавек.
Адзін з іх выскачыў з акна — мясцовыя жыхары злавілі яго на расцягнутую коўдру. Мужчына застаўся жывы, але атрымаў некалькі пераломаў.
З-за пажару рух па частцы Ільменскага праезду быў перакрыты. Супрацоўнікі МНС ачапілі месца здарэння. Агонь тушылі 88 чалавек, а цалкам ліквідаваць узгаранне ўдалося толькі праз дзве гадзіны пасля выбухаў — да 4:25 па маскоўскім часе.