За «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» жанчыне пагражае прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары
Будуць судзіць Наталлю Манылу.
30.09.2024 / 13:21
У Мінскім гардаскім судзе 14 кастрычніка распачнецца чарговы суд за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-4 КК). У Беларусі фігурантамі гэтага артыкула сталі ўжо больш за 200 чалавек, піша «Вясна».
Цяпер па ім будуць судзіць Наталлю Манылу, але як «асобу, якая здзейсніла грамадска небяспечнае дзеянне, прадугледжанае крымінальным законам, у стане бессвядомасці або якая захварэла пасля здзяйснення злачынства на псіхічны разлад (захворванне)». Справу ў закрытым рэжыме будзе разглядаць Аляксандр Рудэнка.
Агулам з 2020 года па палітычных справах 19 асобам прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары. Самая вядомая з іх справа — Марыі Успенскай, жонкі забітага кдбшнікам тры гады таму Андрэя Зельцэра.