Літва перадала ў Міжнародны суд у Гаазе дакументы па злачынствах рэжыму Лукашэнкі
Літва перадала ў Міжнародны суд у Гаазе дакументы па злачынствах рэжыму Лукашэнкі. То-бок пракурор МКС зможа расследаваць злачынствы Лукашэнкі супраць беларусаў, паведамляе Аб'яднаны пераходны кабінет.
30.09.2024 / 14:43
Фота: Mikhail Metzel Sputnik Kremlin Pool Photo via AP
Сёння ўрад Літвы скарыстаўся сваім правам па Рымскім статуце і афіцыйна перадаў у Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе матэрыялы, якія тычацца здзяйснення трансгранічных злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў.
Народнае антыкрызіснае ўпраўленне сабрала даныя, якія пацвярджаюць здзяйсненне дадзеных злачынстваў кіраўніцтвам рэжыму. Гэтыя даныя былі перададзеныя ўраду Літвы для ацэнкі фактаў злачынстваў.
Літоўскі бок прыйшоў да высновы, што маецца дастаткова падстаў меркаваць, што Лукашэнка і яго саўдзельнікі здзяйсняюць злачынствы супраць чалавечнасці.
«Створаны гістарычны прэцэдэнт — бо ўпершыню ў гісторыі Міжнароднага крымінальнага суда дзяржава-ўдзельніца Рымскага статута перадала на разгляд Офіса пракурора сітуацыю ў дзяржаве, якая не з'яўляецца ўдзельніцай гэтага статута.
Акрамя таго, упершыню ў фокусе ўвагі МКС будзе кантэкст маштабных міжнародных злачынстваў у Беларусі. І гэты крок, гэты прэцэдэнт і гэты працэс ужо нельга спыніць. Адказнасць за гэтыя злачынствы — немінучая», — падкрэсліў намеснік кіраўніцы Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка, які сёння прыехаў у Гаагу.
Беларускія дэмакратычныя сілы заклікаюць краіны-ўдзельніцы Рымскага статута падтрымаць намаганні літоўскага боку і агульнае імкненне ўсіх беларусаў — забяспечыць правасуддзе для соцень тысяч ахвяр і прыцягнуць Лукашэнку і яго саўдзельнікаў да адказнасці за злачынствы, якія ён здзейсніў і працягвае здзяйсняць.