«Праграмісты раней былі элітарнай кастай. Цяпер дапамагае ChatGPT». Інвестар пра будучыню IT

Беларускі IT-інвестар Юрый Мельнічак у новым выпуску ютуб-канала «Ператрэм з Халезіным» расказаў пра перспектывы праграмістаў і будучыню грамадства ва ўмовах развіцця штучнага інтэлекту.

30.09.2024 / 19:03

Юрый Мельнічак. Скрын відэа: freekuhar / YouTUbe

Юрый Мельнічак звяртае ўвагу, як новыя тэхналогіі ўжо цяпер змянілі бізнэс.

«Раней для таго, каб зрабіць стартап, трэба было недзе знайсці праграмістаў. Праграмісты — гэта была такая элітарная каста. (…) Ты праводзіш сумоўе з праграмістам, а здаецца, што ён праводзіць з табою: «А чаму я павінен у вашай кампаніі працаваць? Патлумачце мне. А як бы вы вось да гэтага падыходзілі?» (…)

Я бачыў шмат, як заснавальнікам ад бізнэсу ці тым, хто жадаў развіць сваю ідэю, даводзілася знаходзіць праграмістаў, ужывацца з нейкімі антысацыяльнымі штукамі. Тэхнічны фаўндар быў галоўным».

Цяпер, сцвярджае Мельнічак, ужо ёсць стартапы, якія пачалі рэалізоваць свае ідэі без тэхнічнай базы. У гэтым ім дапамагае ChatGPT:

«Цяпер, калі ў чалавека ёсць нейкая ідэя ў медыцыне, тэатры, мастацтве, бухгалтэрыі (няважна, дзе), калі чалавек вельмі добра разумее нейкую сферу і гаворыць: «Можна вось гэта зрабіць», — то цяпер з'явіліся для гэтага інструменты. Ніколі раней не было так лёгка гэта зрабіць».

Мельнічак адзначае, што эпоха, калі чалавек выбіраў сабе прафесію на ўсё жыццё, скончылася. Цяпер за сваё жыццё людзі мяняюць шмат прафесій, і гэта тэндэнцыя будзе ўзмацняцца.

«Праблема не ў тым, што адбываюцца змены, — хуткасць змен павялічваецца. Таму на першае месца выходзіць магчымасць адаптавацца да гэтых перамен», — акцэнтуе ўвагу Мельнічак.

Па словах IT-інвестара, на сёння сярод інжынерных абласцей адносна выбуху штучнага інтэлекту адстае робататэхніка.

«У чым там складанасць. Гэтую аўтаномную машыну трэба ўпісаць у свет, пабудаваны для людзей. Калі індустрыя будзе перабудоўвацца, у нейкі момант будзе гэты пераходны працэс (ён ужо цяпер пачынаецца), калі трэба рабіць чалавекападобных робатаў, каб яны ўбудоўваліся ў працэсы, дзе ў цябе ёсць людзі».

Пры распрацоўцы робатаў, па словах Мельнічка, недаацэньваюць «хітрасць уладкавання» людзей.

«У нас уся скура — гэта сэнсарная паверхня. Рукі — нашы маніпулятары. Там ёсць датчыкі ціску. Я шклянку магу ўзяць за кошт таго, што ў мяне ёсць датчык, які адчувае, наколькі пальцы сціскаюць шклянку. Таму цяпер робат узяць памыць посуд яшчэ не можа».

Але, заўважае эксперт, калі гэта адбудзецца, людзі пачнуць масава губляць працу. На пытанне, што будуць тады рабіць людзі, Мельнічак пажартаваў: «У камп'ютарныя гульні будуць гуляць. Я упэўнены».

Насамрэч не толькі ў людзей, але і ў дзяржаў, лічыць Мельнічак, пачнуцца праблемы.

«Калі паслухаць рыторыку беларускіх палітыкаў за дзясяткі гадоў, то [яна ў тым] «як бы трымаць людзей занятымі». Не так, каб яны жылі доўга, шчаслівымі былі, багатымі, галоўнае, каб людзі былі занятыя. Калі яны занятыя, то не шыбуршаць».

Мельнічак звяртае ўвагу на гэтую палітыку ў сусветным кантэксце: «Паўстанні і рэвалюцыі робяць маладыя і звычайна маладыя беспрацоўныя. І праблема моладзевага беспрацоўя далей будзе рабіцца яшчэ мацнейшай».

Беларускі мільянер Юрый Мельнічак прагназуе крызіс у ІТ і дэглабалізацыю сусветнай эканомікі

«Мэйнстрым айцішкі ўжо з’ехаў». Вядомы венчурны інвестар — пра тое, што чакае беларускі ІТ-сектар

Заснавальнік Maps.me Юрый Мельнічак рэзка адказаў на прапанову звярнуцца да Лукашэнкі

Nashaniva.com