Беларускія курцы могуць застацца без Camel і Monte Carlo

Адна з найбольшых тытунёвых карпарацый свету, японская JT International, і яе брытанская дачка Gallaher Group разарвалі ліцэнзійныя пагадненні з кампаніяй «Тытунь-Інвест». У адпаведнасці з імі на працягу многіх гадоў у Беларусі выпускаліся і прадаваліся цыгарэты пад маркамі Winston, Camel, Sobranie і Monte Carlo, піша партал «Белорусы и рынок».

30.09.2024 / 18:49

Фота ілюстрацыйнае

Згодна з інфармацыяй, размешчанай на сайце Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці, абодва дакументы страцілі легітымнасць яшчэ ў маі гэтага года. Ліцэнзійнае пагадненне JT International з «Тытунь-Інвест» дзейнічала з 2008 года, а з Gallaher Group — з 2013 года.

У беларускім офісе «Джапан Табака Інтэрнэшнл ЭсЭндДзі» пацвердзілі парталу «Белорусы и рынок» факт, што пагадненні спынілі сваё дзеянне.

Наяўнасць цыгарэт брэндаў карпарацыі ў штомесячных пераліках, якія публікуе Міністэрства па падатках і зборах Беларусі па заяўленых вытворцамі і імпарцёрамі тытуню максімальных рознічных цэнах, у офісе патлумачылі патрабаваннямі беларускага заканадаўства.

Згодна з ім, гэтыя даныя могуць знаходзіцца на сайце Міністэрства па падатках і зборах на працягу трох гадоў пасля заканчэння года, у якім яны былі заяўленыя або змененыя. Пры гэтым рэшткі ў розніцы пераацэньваюцца. Гэта прывяло да таго, што ў жніўні «Тытунь-Інвест», ужо пасля разарвання ліцэнзійнага пагаднення, павысіў цэны на рэшткі запасаў цыгарэт Camel, якія заставаліся на складах крам.

Прычыны разарвання пагадненняў не называюцца. Аднак вядома, што ў снежні 2023 года кампанія «Тытунь-Інвест» і яе саўладальнікі Павел Тапузідзіс і Віктор Пятровіч трапілі пад санкцыі Мінфіна ЗША. Амерыканскае ведамства вызначыла тэрмін завершання здзелак з беларускім вытворцам да 2 лютага 2024 года.

Цікава, што ў Расіі, пасля доўгіх разважанняў, JTI засталася. Спачатку ў сакавіку 2022 года Japan Tobacco аб'явіла, што прыпыняе ў Расіі новыя інвестыцыі ў свае 4 фабрыкі на мясцовым рынку і маркетынгавую дзейнасць. Але ў лістападзе 2023 года было аб'яўлена, што кіраўніцтвам карпарацыі прынята рашэнне, захоўваючы ўсе правілы рэгулявання (як міжнародныя, так і расійскія), працягнуць свой бізнэс.

На думку экспертаў «Белорусы и рынок», не выключаны варыянт, што брэнды JTI цяпер будуць завозіць у Беларусь з Расіі. Або будзе падпісана ліцэнзійнае пагадненне з іншым вытворцам, які «чысты» з пункту гледжання міжнародных санкцый. 

Фабрыка «Тытунь-Інвест» была для JT International галоўнай пляцоўкай у Беларусі, дзе выпускаліся яе брэнды. Гісторыя ж японскай карпарацыі ў нашай краіне пачалася 25 гадоў таму.

У 1999 годзе JT International паглынула амерыканскую кампанію R. J. Reynolds, разам з якой ёй дасталася ўжо наяўная з канца 1990-х доля на беларускім тытунёвым рынку. R. J. Reynolds забяспечыла яе дзякуючы папулярнасці сваіх брэндаў Magna і Monte-Carlo.

JT International стала першым з буйных сусветных тытунёвых гульцоў, які лакалізаваў вытворчасць сваіх брэндаў на тэрыторыі Беларусі. Гэта адбылося ў 2005 годзе, калі на магутнасцях «Тытунь-Інвест» была запушчаная ліцэнзійная вытворчасць цыгарэт Monte Carlo і Magna. У 2006-2007 гадах там жа пачалі выпускаць беларускія Winston і Camel.

У 2008 годзе JT International зарэгістравала даччыную кампанію ў Беларусі — «Джапан Табака Інтернэшнл ЭсЭндДзі».

Як мае працаваць схема па абыходжанні санкцый, накладзеных на вытворцаў цыгарэт

У Беларусі з'явілася новая кампанія — вытворца цыгарэт. Але не новае прозвішча яе ўладальніка 

У Беларусі вырасцілі свой тытунь

Ва Украіне актывісты патрабуюць расследаваць дзейнасць беларускага «караля кантрабанды»

На беларускі тытунёвы рынак выйшаў гулец з Расіі

Падробленыя беларускія цыгарэты штампавала фабрыка ў Расіі

Выявіліся сваяцкія сувязі паміж уласнікамі «Кароны» Паўлам Тапузідзісам і Віктарам Пятровічам

«Алексін — гэта Віктар, Тапузідзіс — гэта Дзмітрый». Захапляльная гісторыя бізнэсу Паўла Тапузідзіса

Nashaniva.com