Клінер паказаў, наколькі брудная кухня ў рэстаране на Зыбіцкай ФОТЫ
Клінер паказаў у тыктоку, з чым яму даводзіцца сутыкацца па сваёй працы там, дзе любяць паснедаць многія жыхары сталіцы.
30.09.2024 / 23:29
Стан кухні рэстарацыі на Зыбіцкай да клінінгу. Скрыншоты з тыктока
Блогер, які валодае клінінгавай кампаніяй у Мінску, выклаў у сваім тыкток-канале «Хлопец з іракезам» ролік для людзей з моцнымі нервамі.
Уначы, пакуль рэстаран на Зыбіцкай вуліцы не працаваў, ён прыйшоў вычышчаць яго ад бруду. Абсталяванне на кухні пакрыта таўсценным слоем бруду і тлушчу, а на сценах да самай падлогі карычневыя падцёкі — тут смажылі бульбу.
«Ну шок! Вось гэта смаката!» — радуецца блогер свайму новаму аб'екту.
Каментатараў такі стан кухні абурыў. Хтосьці, хто не першы год працуе ў сферы грамадскага харчавання, заўважыў, што ўпершыню бачыць такую брудную кухню. На іх думку, яна не магла так закарэць за дзень-два, калі б выконваўся расклад мыцця абсталявання, пра які ў гэтай рэстарацыі, падобна, не чулі. «Санстанцыя там бывала ўвогуле ці толькі па дакументах?»
Але блогер не стаў здаваць свайго заказчыка і не назваў назву рэстарана, чыю кухню давялося вычышчаць да бляску.
Стан кухні рэстарана на Зыбіцкай да клінінгу. Скрыншоты тыктока