Сусед Алеся Бяляцкага расказаў, у якіх умовах трымаюць нобелеўскага лаўрэата

Дэсантнік Руслан Акостка больш за год правёў у калоніі строгага рэжыму ў Горках, дзе ўтрымліваюць Алеся Бяляцкага.

01.10.2024 / 12:45

Нобелеўскі лаўрэат, заснавальнік «Вясны» Алесь Бяляцкі адбывае пакаранне ў калоніі ў Горках. Яму прысудзілі 10 гадоў зняволення за «кантрабанду грошай» і «фінансаванне дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак».

«Упершыню мы сутыкнуліся з Алесем у сталовай. А так хоць мы і ў розных атрадах былі, але бачыў яго даволі часта. Не магу сказаць, што мы шмат размаўлялі. Адміністрацыя калоніі негатыўна ставіцца да камунікацыі з палітвязнямі. Калі заўважаць, могуць быць наступствы — у той жа ізалятар пасадзяць. І Алесь гэта цудоўна разумее. Ён мала размаўляе. А я такі чалавек, што не буду навязвацца і дастаўляць дыскамфорт. Так, мы часам перакідваліся парай слоў, але паглыблена не абмяркоўвалі тэмы», — расказвае Руслан Акостка, які вызваліўся ў ліпені 2024 года і з'ехаў з Беларусі.

Чытайце таксама. «Я падняў аднаго са слабавікоў — і выпусціў яго на асфальт». Дэсантнік Руслан Акостка расказаў, як адседзеў 4 гады

Алесь Бяляцкі ў 2020 годзе

Раней ён мала ведаў пра Алеся Бяляцкага, а даўнія фотаздымкі праваабаронцы пабачыў толькі пасля таго, як сам вызваліўся.

— Магу сказаць, што Алесь дакладна схуднеў. Але ў гэтым няма нічога незвычайнага. Я ведаю выпадкі, калі людзі скідалі па 30 кілаграм, сам я схуднеў на 14 кілаграмаў.

Акостка тлумачыць, што гэта звязана з цяжкай фізічнай нагрузкай у калоніі і дрэнным харчаваннем. Тыповае меню: ад раніцы аўсянка, на абед пярлоўка, увечары бульба. Часам бываюць рыбныя катлеты. Мяса, калі ёсць, дык пападае далёка не кожнаму ў талерку — як пашанцуе. Садавіны не даюць ніколі, гародніну — рэдка. Восенню-зімой часцей гатуюць салату з белакачаннай капусты.

— Добра, што ў мяне была магчымасць хадзіць у краму і набываць нешта з ежы. Мне як палітычнаму дазвалялі купляць штомесяц на 80 рублёў. І вось пры такіх умовах я скінуў 14 кілаграм. Не ведаю, што было б, калі б не мог дакупляць нешта.

Руслан пацвярджае, што на палітвязняў ціснуць і тым, што скарачаюць сумы, якія дазволена патраціць у краме калоніі.

«Калі ў зняволенага ўсё нібыта нармальна з паводзінамі, то яму дазваляюць закупляцца на 4 базавыя. Такім «злосным парушальнікам» як я — усяго на 2 базавыя. А ў калоніі магчымасць набыць дадатковую ежу вельмі ўплывае на фізічны стан».

Алесь Бяляцкі ў судзе

Акостка расказвае, што Алесь Бяляцкі працуе на дрэваапрацоўцы.

«На яго таксама складаюцца акты за парушэнні — за пыл за тумбачкай, за ручнік на нары ці за адзенне на спальным месцы. У гэтым плане ўсё банальна і аднатыпна.

Алеся часта кідаюць у штрафны ізалятар, трапляў ён у ПКТ. Доўгі час Бяляцкаму не давалі звязацца з роднымі — памятаю, што ліст ён нарэшце атрымаў перад самым маім вызваленнем. Тэлефанаваць блізкім яму таксама не дазвалялі».

Руслан кажа, што адчувае сабе Алесь больш-менш нармальна, але захаваць здароўе ва ўмовах калоніі даволі складана.

{DONATE_PAYPAL}

Алесю Бяляцкаму 62 гады. Расказваем пра беларускага праваабаронцу, які атрымаў Нобелеўскую прэмію

Бяляцкага ў Горацкай калоніі вярнулі з ПКТ у атрад і пазбавілі перадачаў

«Уяўляеце, мне нобелеўскі лаўрэат нёс матрац!» Экс-палітзняволеная — пра сустрэчы з Рабковай і Бяляцкім

Nashaniva.com