Прызначылі дату новага суда над Палінай Шарэндай-Панасюк
Новы суд над Палінай распачнецца ўжо 14 кастрычніка ў судзе Рэчыцкага раёна. Справу будзе разглядаць суддзя Станіслаў Іванюценка, які летась ужо дадаў жанчыне год зняволення, піша «Вясна».
01.10.2024 / 12:49
Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк была затрымана 3 студзеня 2021 і з таго часу ўвесь час знаходзіцца ў няволі.
Два разы ёй ужо працягвалі тэрмін па арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).
21 траўня 2024 года жанчына мусіла выйсці на волю, але яе перавялі ў гомельскае СІЗА і ўжо ў трэці раз абвінавацілі ў «непадпарадкаванні». На волі жанчыну чакаюць двое сыноў — Славамір і Стах.
У ліпені сваякі Паліны даведаліся, што ў жанчыны дыягнаставалі «хранічны панкрэатыт сярэдняй цяжкасці». Нядаўна муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда напісаў пра рэзкае пагаршэнне стану здароўя Паліны.
У сярэдзіне верасня жанчыну перавялі з ІЧУ Рэчыцы ў СІЗА Гомеля. Па прыбыцці яе адразу адправілі ў карцар на 10 сутак.