Мяжа растала. Швейцарыя і Італія перакройваюць карту з-за леднікоў, што адступілі
Швейцарыя і Італія былі вымушаныя перанесці ўчастак мяжы паміж дзвюма дзяржавамі ў Альпах, бо змены глабальнага клімату прыводзяць да раставання леднікоў і змены формы горных хрыбтоў, па якіх гэты ўчастак пралягае, піша Бі-бі-сі.
01.10.2024 / 14:31
Пік Матэрхорн. Фота: Jamey Keaten / AP
Частка тэрыторыі, якую закранулі змены, праходзіць па схілах і ля падножжа Матэрхорна — аднаго з самых высокіх пікаў Еўропы, дзе размешчаны адзін з самых вядомых гарналыжных курортаў.
Мяжа паміж гэтымі дзвюма краінамі ў значнай ступені вызначаецца ледавіковымі хрыбтамі або ўчасткамі снегу, але рэзкае скарачэнне памераў леднікоў у апошнія гады прывяло да таго, што гэтыя натуральныя межы пачалі перамяшчацца. Змены адлюстроўваюць ужо рэальныя геаграфічныя перамены.
Праект двухбаковага пагаднення аб пераносе межаў падрыхтавала ў маі 2023 года сумесная швейцарска-італьянская рабочая група.
Швейцарыя афіцыйна ўхваліла пагадненне аб змене мяжы на мінулым тыдні, у пятніцу. Італіі зрабіць гэта яшчэ трэба.
Па даных апошніх вымярэнняў, апублікаваных у верасні мінулага года, у 2023 годзе ледавікі Швейцарыі страцілі 4% свайго аб'ёму. І гэта яшчэ не рэкордны паказчык: годам раней, за 2022-ы, ледавік «ужаўся» яшчэ ў паўтары разы больш (6%).
Швейцарская сетка маніторынгу леднікоў (Glamos) штогод публікуе справаздачу, у якой рэкордныя страты тлумачацца доўгім гарачым летам 2022 года разам з нізкім узроўнем ападкаў (гэта значыць снегу) наступнай зімой.
У пятніцу Швейцарыя заявіла, што перагляд межаў адпавядае эканамічным інтарэсам абедзвюх краін, паколькі дапаможа ім дамаўляцца аб тым, хто з іх нясе адказнасць за ўтрыманне той ці іншай канкрэтнай прыроднай тэрыторыі.
Навукоўцы папярэджваюць: калі на планеце стане яшчэ цяплей, раставанне леднікоў па ўсім свеце непазбежна паскорыцца.
У мінулым годзе Glamos ужо папярэджваў, што некаторыя швейцарскія ледавікі растаюць так хутка, што іх наўрад ці ўдасца выратаваць, нават калі павышэнне глабальных тэмператур утрымаецца ў межах 1,5C, прадугледжаных Парыжскім кліматычным пагадненнем.
Мадэляванне паказвае, што без спынення выкідаў парніковых газаў вялікія ледавікі (такія як размешчаны ў Альпах далей ад мяжы Алецкі) могуць цалкам знікнуць ужо праз пакаленне.
На расталых у апошнія гады швейцарскіх ледніках было зроблена мноства знаходак.
У ліпені мінулага года тэсты пацвердзілі, што чалавечыя парэшткі, знойдзеныя непадалёк ад Матэрхорна, належаць нямецкаму альпіністу, які прапаў без вестак яшчэ ў 1986 годзе. Альпіністы, якія ішлі па ледавіку Тэадуль (над Цэрматам), заўважылі турыстычныя чаравікі, якія тырчаць з лёду і «кіпцюры» скалалаза.
У 2022 годзе на Алецкім ледніку агаліліся абломкі самалёта, які разбіўся там у 1968 годзе.
У 2014 годзе пілот грузавога верталёта заўважыў на ледніку дзіўную пляму. Пазней у гэтым месцы знайшлі цела зніклага брытанскага альпініста Джанатана Конвіла.