Ганна Канапацкая плануе балатавацца на выбарах-2025

На выбарах-2020 Канапацкай намалявалі 1,68%. Хоча паўтарыць?

02.10.2024 / 22:20

Ганна Канапацкая

Палітычная дзяячка Ганна Канапацкая плануе балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах 2025 года. Сваімі планамі яна падзялілася з каляпалітычнай тусоўкай Мінска.

Канапацкая ўжо балатавалася ў прэзідэнты ў 2020 годзе. Тады ні ў каго з экспертаў не было сумневаў, што яна не сабрала патрэбных для рэгістрацыі 100 тысяч подпісаў (бо фактычна не збірала іх). Тым не менш Канапацкую зрабілі кандыдаткай у прэзідэнты і нават у выніковым пратаколе паставілі на трэцяе месца — вышэй за іншых кандыдатаў-спойлераў, Андрэя Дзмітрыева і Сяргея Чэрачня.

Перад тым Канапацкая была дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў (2016-2019) — хоць і ў тым выпадку вынікі выбараў былі сфальсіфікаваныя.

А пачынала палітычную кар'еру яна ў складзе Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Рабіла бізнэс у Заходняй Еўропе, куды з'ехала разам з дзецьмі.

Nashaniva.com