Расійскага хлопца, якога за спалены Каран збіў сын Кадырава, абвінавацілі і ў дзяржздрадзе
У дачыненні да Мікіты Жураўля, асуджанага за спаленне Карана, распачатая крымінальная справа аб дзяржаўнай здрадзе. Пракуратура Валгаградскай вобласці ўжо зацвердзіла абвінаваўчае заключэнне, піша Медуза.
03.10.2024 / 08:51
Паводле версіі следства, Журавель праз неназваны месенджар «ініцыятыўна прапанаваў супрацоўніцтва прадстаўніку службы бяспекі Украіны» ў сакавіку 2023 года, як сцвярджае пракуратура, ён адправіў яму відэазапісы чыгуначнага саставу, які перавозіў ваенную тэхніку расійскіх узброеных сіл і самалёты ваеннага прызначэння. Акрамя таго, Жураўля абвінавачваюць у тым, што ён перадаў звесткі аб перамяшчэнні службовага аўтамабіля адной з вайсковых частак.
Крымінальную справу накіравалі ў Валгаградскі абласны суд для разгляду па сутнасці.
Мікіту Жураўля затрымалі ў маі 2023 года. Па версіі следства, ён па заданні ўкраінскіх спецслужбаў спаліў Каран на фоне саборнай мячэці ў Валгаградзе, пасля чаго перадаў відэазапіс сваіх дзеянняў супрацоўніку СБУ. Расследаванне справы амаль адразу перадалі ў Чачню. Тады ж Жураўля этапавалі ў СІЗА Грознага.
Пазней стала вядома, што ў СІЗА Грознага Жураўля збіў сын кіраўніка Чачні Адам Кадыраў. Пазней Рамзан Кадыраў пацвердзіў гэтую інфармацыю. Ён таксама апублікаваў відэа, на якім яго 15-гадовы сын збівае Жураўля.
У канцы лютага 2024 года Вісаітаўскі суд Грознага прысудзіў Мікіту да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі. 20-гадовага Жураўля прызналі вінаватым па артыкулах аб абразе пачуццяў вернікаў (Частка 2 артыкула 148 КК) і аб хуліганстве па матывах рэлігійнай нянавісці (Частка 2 артыкула 213 КК). Журавель прызнаў віну па першым абвінавачванні, але адмаўляў па другім.